Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зімовы малюнак

Не ява быццам бы навокал.-
Знямелі ў лесе гмахі-хвоі,
Сняжынкі, нібы дыяменты,
У вочы сыплюць белізною.

Ва ўборы вольхі і бярозкі
Стаяць бялютка-шлюбным,
Пазаплятаў ім косы срэбрам
Мароз – залётнік любы.

Красуні-елкі, што нявесты,
Стаіліся цнатліва,
Пагляд у іх – замілаваны,
Вясельна-трапятлівы.

Ля іх вячыстыя дубы
Дакорна кронамі ківаюць
І мройна, як дзяды сівыя,
Лясную цішыню люляюць.


Верш Зімовы малюнак - Мікола Ляшчун