Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зімовы рэпчык

На плячы пляцачок –
Не паходны, а модны.
Пашыты недзе ў Кітаі,
Набыты ўпотай.
На вуснах змярзае мята.
Роўны выходны,
Не кроўю і потам,
А півам і музыкай
Ператвораны ў свята.
Рыпіць пад нагамі сонная глеба.
У галаве бадзёра.
Ну і што, што мароз, снег?!
Ці дождж…
Ці што там?
Я яшчэ не глядзела ў неба.
І вечар нібыта вясёлы.
Патрохі калядныя думкі
Перакрываюць празрыста, лёгка
Жаданне зарыцца ў попел.
Каханне, хлусня, пацалункі,
Дым цыгарэт маіх тонкіх,
Што ў баб зараз модна
Паліць,
Сціскаючы даўгімі пальцамі
З лакам чырвоным,
Як кроў…
Усё азноў
З вуснаў льецца.
І нельга спыніць.
У цябе няма мазгоў,
У мяне – сэрца.
Але нечым усё ж давядзецца
Мне адагрэцца,
Табе – забыць.

Хутка з’явіцца новая хваля..
Накрые па самы дах.
Новы смак, новы пах,
Можа не такі мягкі,
А рэзкі ці нават прыкры.
Якая-небудзь, скажам,
“П’яная вішня”.
Колер, цяпло, фактура
У руках тваіх
Будзе нечае іншае.

Болю ад словаў,
Рук і вачэй маіх.
Табе ўжо залішне…

“Бывай.
Не сумуй.
Твая любімая дура.”

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Зімовы рэпчык - Ганна Лутава