Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мне заўжды падабаўся адзін паэтычны вобраз дзіцяці

Мне заўжды падабаўся адзін паэтычны
вобраз –
вобраз дзіцяці.

Бадай што лепшым вершам лепшым вядомым
мне вершам
я назваў бы верш Ўолта Ўітмэна: уявіце
сабе
кожнай раніцай
дзіця выходзіць на шпацыр
і ўсе што яму трапляецца па дарозе
трава, герань ці канюшына
жывела, чалавек ці дрэва
усё становіцца яго часткай, усё
што ён бачыць і чуе
становіцца яго часткай
увесь сьвет
становіцца ім.

Тры гады назад я напісаў рэмінісцэнцыю
на гэты твор, толькі ў адрозненьне
ад славутага песьняра дэмакратыі
маё дзіцятка мела нейкі
занядбалы
чэзлы
напаўзвар’яцелы выгляд

Мажліва, ужо тады я здагадваўся
што некалі прыду

(занядбалы
чэзлы
напаўзвар’яцелы)

НА ДЗЕНЬ НАРОДЗІНАЎ
МЕРТВАГА ВЕРША.


Верш Мне заўжды падабаўся адзін паэтычны вобраз дзіцяці - Цімур Хоміч