Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Адозва да сумленнага грамадзяніна

Памры ідэальна: усе заплаціўшы падаткі
і камуналку за дзесяць гадоў авансам!
Зрабі падарунак краіны сваёй гаспадарцы –
прадухілі сацыяльнае ўтрыманства!

Так ці інакш, ва ўсіх бедах ты сам вінаваты.
Звычайны такі “дармаед”, “народца” тыповы водпрыск.
Вывез валюту, прыпёр польскіх шмотак дахаты…
А дзе ўзяў грошы? Праверка. Кайданкі. Вобыск.

Прадухілі, дарагі, каб шашу падсыпалі соллю,
і майбаха бег быў камфортны, хуткі і зграбны;
каб на вакацыях светпаглядзеў хлопчык Коля,
каб шайба ў сетку варотаў ляцела трапна!

Без працы сядзяць на хрыбце нашай мілай краіны
скрозь лайдакі, абібокі ды прайдзісветы.
А ў выканкамах чыноўнікі гнуць крукам спіны,
каб будучыня была стабільнай і светлай.

Не хочаш плаціць? Як жа выжывуць пенсіянеры,
што ў Драздах дажываюць свае гады?
Як ЦВК ды АМАП, суддзі ды афіцэры?
Падаткавікі, адкажы мне, як пражывуць тады?

Таму кінь дурное, ты ж патрыёт, урэшце.
Ва ўладзе – разумныя людзі, а не звяры.
Любімай дзяржаве ўсё заплаці да рэшты
і, не чакаючы пенсіі, моўчкі памры.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Адозва да сумленнага грамадзяніна - Андрэй Пятрусёу