Верш Генерал рэспублікі
Алесь Мацулевіч
Генерал рэспублікі
Памяці Тадэвуша Касцюшкі
Будучы начальнік паўстання 1794 г. у Польшчы, Беларусі і Літве Тадэвуш Касцюшка дзевяць гадоў жыцця аддаў барацьбе за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі.
I
Па волі паўздыманыя
сцягі жалезнай.
Ваююць Штаты з Англіяй
за незалежнасць.
У шэрагі сабраныя
ідуць змагацца.
Падтрымлівае Францыя
рэспубліканцаў.
Нямала караблёў-грамад
на захад рушыць.
Французаў-афіцэраў шмат
у Штатах служыць.
З французамі за акіян
плыве Касцюшка,
і грозныя абсягі ён
страчае мужна.
А ў Штатах сустракае ён
людзей свабодных,
ваенных адчувае дзён
гарачы подых.
Павеў вайны з Брытаніяй
ён адчувае.
Парою Штатаў ранішняй
яна шугае.
II
Рэспубліканцы роўнасці
дабіцца хочуць,
настойлівасцю поўняцца,
да мэты крочаць.
Яны перад каронаю
не хочуць гнуцца,
дзяржаву бессаслоўную
стварыць імкнуцца.
Свабоду, працу змагары
і талент цэняць,
аб незалежнасці пары
ідэі сеюць.
У бой ідуць – рэспубліку
здабыць крывёю
ды надаваць па зубіках
кароне ўволю.
Абутку, ежы, пораху,
адзежы мала.
Пераадолець ворага
сагрэла мара.
Сагрэла мара змагароў
аб перамозе.
Яе агонь не дагарэў
і пры марозе.
III
Тадэвуш дзевяць год пражыў
з народам ратным.
З рэспубліканцамі прайшоў
усе ён Штаты.
Не дазваляючы сабе
з каня зваліцца,
гайдаўся месяцы ў сядле,
спаў на зямліцы.
Праекты – найвышэйшы сорт
у працавітых.
Праектаваў Касцюшка форт,
змагаўся ў бітвах.
Для Штатаў наш ваенны муж
зрабіў нямала –
дала рэспубліка яму
чын генерала.
Ён Штатаў грамадзянінам
стаў ганаровым,
іх поглядам прасякнутым
на ўладу новым.
Прасякнуўся ідэямі
рэспубліканцаў,
якія ў ім пасеялі,
за іх змагаўся.