Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзед і Баба



Ехаў Дзедка на кірмаш,
3 ім на возе – Баба.
Конік з выгляду – дарма,
Ды цягнуў ён слаба:

Меў не болей двух гадоў,
Як суседзі кажуць.
Баба ж тая – сем пудоў,
Сама меней, важыць.

Пад узгорак або ў гразь –
Конь насілу возьме.
Стала Баба памагаць…
Седзячы на возе.

Што ж, каню другі гадок.
Дык яна – за білы
Ды нагамі у перадок
Пхне, як мае сілы.

– Кінь, дурная, бо зганю! –
Дзед тут Бабе кажа. –
Ты паможаш так каню,
Як хваробе кашаль.

– Ах ты, ёлупень стары! –
Баба Дзеда лае. –
Стой жа тут, хоць ты згары!
Мне бяда малая.

Потым – гоп яна з калёс,
Села ля дарогі,
А каня як чорт панёс, –
Дзе ўзяліся й ногі!

***
Ва ўстановах часам ёсць
Вось такія ж “бабы”:
Здэцца, й робяць яны штось,
Але справы – слабы.

Ды такая не ўцячэ!
Скажам ёй нарэшце: –
Мо без вас было б лягчэй?
Паспрабуйце злезці!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Дзед і Баба - Кандрат Крапіва