Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Марыйка

(паэма)

Вітаю цябе, шаноўны чытач!
Я вельмі рады новай сустрэчы з табой.
Адразу хачу агаварыцца, што хоць гэты твор не з’яўляецца дакументальным, але ў аснову яго пакладзены падзеі, якія сапраўды адбываліся ў жыцці маёй маці Марыі Восіпаўны (1926 – 2005).
Для таго, каб табе было лягчэй арыентавацца, я прывяду кароценькую даведку: вёска Боркі Грыбавецкага сельскага савета Кіраўскага раёна, Магілёўскай вобласці на пачатак вайны налічвала каля 300 двароў, у якіх жыло 1738 жыхароў. У склад вёскі ўваходзіла 7 пасёлкаў: Пралетарскі, Дзяржынскі, Чырвоны Араты, Закрынічча, Старыя Боркі, Даўгаполле і Хватаўка.
Раніцай 15 чэрвеня 1942 года вёску акружылі карнікі. Заходзячы ў хаты, яны нічога не гаварылі і не тлумачылі, а расстрэльвалі ўсіх без разбору – і старых, і малых. Закончыўшы расправу, карнікі спалілі ўсе дамы. У гэтым страшэнным агні згарэлі і целы расстраляных. Выжыць цудам удалося толькі 23-м чалавекам.
Мая маці, Казека (Дайнека) Марыя Восіпаўна, нарадзілася 28 мая 1926 года ў вёсцы Новы Юзін Магілёўскай вобласці Кіраўскага раёна, Грыбавецкага сельскага савета. У сям’і было каля дзесяці дзяцей. Але на пачатак Айчыннай вайны засталіся толькі чацвёра: старэйшы – Мікалай, затым – Вольга, Аляксандр (Шура) і малодшая – мая маці Марыя. Астатнія памерлі раней ад розных хвароб. Іх маці (баба Настася) памерла ў 1939 годзе.
Бацька (дзед Восіп) перад вайной зноў ажаніўся, але пражыў нядоўга і памёр у 1942 годзе. У хуткім часе пасля яго смерці мачаха маёй маці вярнулася ў сваю вёску, і маці засталася адна. Жыла ў бацькавай хаце, а
пасля таго, як разбамбілі вёску, – у лясной зямлянцы (у Асітавым балоце),
разам з аднавяскоўцамі хаваючыся ад немцаў.
Брат Мікалай у пачатку вайны быў мабілізаваны ў дзеючую армію. У час абароны Магілёва танкіст Мікалай Дайнека прапаў без вестак. На сённяшні момант пра яго лёс таксама нічога не вядома.
Сястра Вольга жыла ў вёсцы Боркі з мужам і двума дзеткамі (трох і шасці гадоў). Разам з дзецьмі была спалена ў сваёй хаце 15 чэрвеня 1942 года. (Муж яе, Рыгор Сакадынец, застаўся жывы, бо на момант правядзення карнай аперацыі быў у другой вёсцы).
Брат Аляксандр (у сям’і яго звалі Шура) таксама быў у маі 1941 года прызваны ў рады Чырвонай арміі. Службу праходзіў у Кіеўскай ваеннай акрузе. Але ў першыя месяцы вайны трапіўу палон. Пасля ўцёкаў з няволі пад час канваіравання больш за паўгода прабіраўся дадому ў Юзін. Прыйшоў у Боркі, каб развітацца з сястрой, бо збіраўся разам з сябрамі ісці ў партызанскі атрад. Быў спалены разам з сястрой і яе дзеткамі.
На момант, калі палілі Боркі, дзеда Восіпа ўжо не было, і маці жыла з мачахай. Але мачаха збіралася вярнуцца ў сваю вёску, і сястра Вольга звала маю маці да сябе жыць. Якраз 15 чэрвеня 1942 года маці ішла да сястры, каб канчаткова вырашыць гэтае пытанне. Але немец, які стаяў у ачапленні, не пусціў яе і тым уратаваў ёй жыццё.
Гэту прадмову я пісаў разам з маёй старэйшай сястрой
Вольгай Мікалаеўнай. Дзякуй табе вялікі, сястрычка.

Алесь Казека

Ахвярам спаленых вёсак нашай
шматпакутнай зямлі
п р ы с в я ч а е ц ц а

Цішыня ля жалобнай сцяны
У мястэчку пад назваю Боркі –
Тут ахвяры мінулай вайны
Неадлучна стаяць на пагорку.

І глядзяць праз сівыя гады
На сучаснасці мірныя з’явы
У надзеі, што свет назаўжды
Адцураецца дзеяў крывавых.

У абліччы ўглядаюся іх
І – здаецца, – узняўшы правіцы,
Настаўляюць ахвяры жывых:
– Не дазвольце вайне паўтарыцца!

Не дазвольце, каб землі бацькоў
Спусташалі захопнікі-каты!
Не дазвольце, каб некалі зноў
Наш народ запіхнулі за краты!

І ляціць гэты кліч над зямлёй,
Бударажыць, вядзе, заклікае…
Перад памяццю вечна жывой
Я на вернасць яму прысягаю.

Хоць не быў я на гэтай вайне,
Не гарэў, скатаваны, у хаце,
Ды, відаць, гэты боль да мяне
З малаком перадаўся ад маці.

I
І жыццё раздзяліла вайна…

1
Крылаў неба бяскрайні размах
Агарнуў залацістае ранне.
Гэта, цемры адкінуўшы жах,
Новы дзень завітаў на спатканне.

Ад пустынь да паўночных снягоў
Свет абняты святлом аднаўлення
І салоўка – псаломшчык яго –
Зноў спявае жыццю бласлаўленне.

Яму з высі туруе жаўрук,
На званочках спаўняючы трэбы.
І, як тысячы сплеценых рук, –
Прамяні ад зямлі і ад неба…

2
Але што гэта?.. Што гэта? Што?!
Разарваўшы з’яднанае неба,
Чорны воран сталёвым крылом
Разануў па псаломах і трэбах.

Уварваўшыся ў гэты разлом
З даляў вонкавых Божага свету,
Неразбаўленай цемрадзі зло
Коўдрай смерці накрыла планету,

Каб ізноў наталіцца спаўна
Чалавечых пакутаў гаркотай.
І жыццё раздзяліла вайна
На шчымлівае “ДА…” і на “…ПОТЫМ”.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

3
Разарваны з’яднаныя рукі
І знясілеў у роспачы дол.
І з надрывістым выючым гукам
Смерць засеў пачала навакол.

Загудзела зямля, застагнала.
Без аратых самлелі палі.
Гора ў кожны куток завітала,
Зазірнула да кожнай сям’і.

З болем, змоўкла наўколле сурова
Да пары. А праз некалькі дзён
Загучала чужынская мова
Нібы здзек… ці пякельны праклён.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

II
А мяне не пусціў ён… Чаму?
15 чэрвеня 1942. Дарога Юзін – Боркі

1
Шчодра сонейка летняе дорыць
Цеплыню ад відна да цямна.
І, здаецца, не ў гэтай прасторы
Жне бязвінныя жыцці вайна…

Ды ўжо год яна топіць краіну
У струменях разлітай крыві.
А на драбах змарнелых руінаў
Крумкачы свае гнёзды звілі.

Зараслі сенажаці і гоні.
Толькі быльнік ды выспы магіл.
Толькі вецер з пажарышчаў гоніць
Чорна-шэры, уедлівы пыл.

Дзе ж твае працалюбы-ратаі?
Дзе ж, зямелька, рупліўцы твае?..
Цішыня… Толькі воўчыя зграі
Дораць сумныя песні свае.
. . . . . . . . . . . . . . . . .

2
А на выспе, дзе ў схове часовым
У Марыйкі ёсць месца сваё,
Супакой, толькі вухкаюць совы,
Ды няспынна гудзіць камар’ё.

Па начах ёй пачуць ужо звычна,
Як лясны забаўляецца дух.
Глупства ўсё, калі вуха казыча
І лагодзіць бацькоўскі кажух.

А сяннік асакою шапоча,
Быццам хоча пра штось расказаць.
Што за тайну ён выказаць хоча?..
“Заўтра трэба мне раненька ўстаць!

Да сястры кіламетраў пад дзесяць.
Дык пакуль да яе дабягу,
Покуль з Шуркам пагутару, з дзецьмі…
Толькі к ночы вярнуцца змагу.

А спатрэбіцца – там застануся.
Што мяне тут трымае адну?
За пажыткамі толькі вярнуся,
Можа, потым. Ды што тут? А ну…”

3
Развіднела. Ужо над чаротам
Дзень абдымкі свае расхінуў.
Цемень рвецца, спаўзае ў балота,
У дурманлівы пах багуну.

Час ісці.
І гарэзлівым ранкам,
Праганяючы сон пакрысе,
Ціха выйшла Марыйка з зямлянкі
І пайшла басанож па расе.

Па сцяжынцы, зусім непрыкметнай,
Праз мядовы хвалюючы пах.
І ўсміхаліся дрэвы прыветна
Захапленню ў дзявочых вачах.

Гэта зараз, хай Божачка крые,
Мы лянуемся дзверы адкрыць,
Каб змачыць свае ногі старыя
Роснай свежасцю юнай зары.

А калі табе толькі шаснаццаць,
Калі ў сэрцы кахання сады
Толькі-толькі пачнуць распускацца,
Хіба думаеш ты пра гады?

Хіба думаеш ты пра змярканне?
Хіба свет твой засмучвае штось?
Хай квітнее да скону каханне
І кіпіць у грудзях маладосць!

4
І Марыйка ў сукеначцы простай
Шпарка крочыць пад шатамі крон.
Божа!
Позна: наперадзе ростань,
Перад ёю – нямецкі кардон.

У спалоху звярнула з дарогі,
Каб мінуць перашкоду наўкруг.
Але немец, аклікнуўшы строга,
Закрычаў:
– Halt! Man darf nicht! Zurьck!1

Ногі нібы загразлі ў балоце,
Знікла чырвань дзявочай красы.
І да немца яна падыходзіць,
І здалёк пачынае прасіць:

– Дзядзька, Дзядзечка! Трэба мне ў Боркі.
Там сястрычка чакае мяне!
На хвілінку… За тым вунь пагоркам…
– Das abscheuliche Mдdchen! Rьckwдrts!2

І яна тады загаласіла,
Колькі слёз ёй ставала і сіл,
І з маленнем прасіла, прасіла…
Але немец не слухаў зусім.

Ён злаваўся. Ускінуўшы зброю
Звыклым рухам не стомленых рук,
Нешта выкрыкнуў, клацнуў затворам
І адрэзаў:
– Nach Hause! Zurьck!3

Нецярпліва штурхаючы ў плечы,
Паказаў аўтаматам на шлях….
Захацелася ўзяць і… пабегчы.
Але скоўваў пакутлівы страх.

І бясконцым здалося імгненне.
Сэрца лісцікам кволым дрыжыць.
Мама, мамачка! Дай мне збавенне!
Прага… Прага нястрымная… Жыць.

Крок за крокам ватовыя ногі
Аддалялі яе, нібы ў сне:
Ні пачуццяў, ні дня, ні дарогі –
Толькі холад сталёвы ў спіне.

Выціраючы слёзы, паціху,
Яна моўчкі ішла напрасцяк,
Покуль выйшла, ачуўшыся крыху,
З нетраў лесу на Юзінскі шлях.

Паступова сцішала дарога
Нізку думак пра смерць і вайну.
І ахутвала сэрца трывога:
А мяне не пусціў ён… Чаму?
. . . . . . . . . . . . . . . . .

III
І ўзарвалася ціхае ранне…
(15 чэрвеня 1942 года, в. Боркі)

1
Боркі. Ціхае летняе ранне
Прахалодай кранае зямлю.
Росны водар бадзёрыць і маніць,
Як было і стагоддзі таму.

Дрэмле ціша на далях бясконцых.
Бразнуў цуглямі конь і прыціх.
Сонны певень, вітаючы сонца,
Дачытаў свой чарговы трыпціх…

Вольга ў пуні ўжо. Песціць кароўку:
– Зорка! Ціха ты! Спрыт супакой. –
І ўсміхаецца. Цыркае лоўка
У даёнку нектар-сырадой.

– Шур, схадзіў бы ты ў лес, пакуль снедаць,
Ды пакуль дзетвара яшчэ спіць.
Бо Марыйка павінна к абеду
Падысці. Будзем баню тапіць.

– Добра. –
Шурка з усмешкай ківае
І выходзіць па роснай траве.
– Заадно да хлапцоў завітаю.
А то скора “труба пазаве.”

2
Непрыкметнай сцяжынкай па жытах
Шурка ўлегцы да лесу ідзе.
Малады, рызыкоўны, адкрыты,
Нібы гэты ўзыходзячы дзень.

Але, зведаўшы кошты дарогам
Цераз смерць і нямецкі палон,
Аглядае спакойна і строга,
Кожны кусцік, лагчыну і схон.

Аб мінулым закраліся думкі.
Неяк разам у сэрцы ўсплыло:
Рэчка, бор, цішыня Самадумкі,..4
Быццам гэта ўсё ўчора было.

Да вайны яшчэ маці не стала.
І, вось, бацьку забрала вясна.
Смерць не спусціць. Бярэ, дзе застала.
Як там будзе Марыйка адна?

Трэба, каб пераходзіла ў Боркі.
Гэтак мыкацца сэнсу няма.
Сёння будзе пра гэта гаворка.
Хай яна вырашае сама.

Край дзяцінства, бацькоўская хата…
Як жа нас раскідала вайна…
Ну, дармо! Мы фашыстам праклятым
Хутка, хутка адпомсцім спаўна!

Але што там за гукі на ўзлеску?
Шурку як апаліла агнём:
Там, няспешна выходзячы з лесу,
Паліцаі ішлі ланцугом.

І чаго іх нячыстая гоніць?
Сэрца смутнай трывогай сцяло.
Вольга, дзеткі! Хто іх абароніць?
А вяскоўцы?.. Хутчэй у сяло!

3
Напрасткі, цераз лог… Па дарозе,
Каго мог, папярэджваў, гукаў:
– Уставайце! Бяда на парозе!
А як толькі да дому дапаў,

Закрычаў ад варот:
– Паліцаі!
Адусюль акружаюць сяло!
Трэба бегчы, бо хлопцы казалі,
Што такое ўжо недзе было.

Дык людзей папалілі і хаты.
Не шкадуюць нікога зусім.
Гэта ж карнікі – лютыя каты!
Дзе малыя?! Збірайся! Бяжым!..

Вольга пільна глядзела на брата,
Ледзьве-ледзьве сцішаючы жах.
Толькі боль немінучае страты
Узмацняўся ў блакітных вачах.

Раптам звяўшы, з хвіліну маўчала,
А затым гаварыць пачала:
– Каб адна я па свеце блукала,
Можа б іншай размова была.

А куды мне вось з гэтай абузай?
Эх, каб быў на падводзе Рыгор…5
Што рабіць? Ужо ж будзе, што будзе.
Можа, гора абыдзе наш двор.

Ні рыдання, ні стогну, ні крыку,
Нібы ў іншы сусвет перайшла.
Схамянулася:
– Холадна крыху…
Як там дзеці? –
І ў хату зайшла.

4
А над вёскай сваё паляванне
Смерць адкрыла, самкнуўшы кальцо.
І ўзарвалася ціхае ранне
Ненажэрным гарачым свінцом.

Едкім марывам сцелецца гора.
Стрэлы, стогны, агонія, мат.
Нібы пекла ўзагналася ўгору
І адкрыла ўсе засаўкі крат.

Усё бліжай пякельная лава –
Пажырае, галосіць, раве.
Смерць налева, адзаду, направа
І наперадзе ў невеч заве.

Свет не бачыў такога адвеку.
Божа Любы! Пракляцце знімі!..
Ды няможна спазнаць чалавеку
Сэнсу гэтай крывавай разні.

5
Паліцаі, як злодзей да клеці,
Падыходзяць да плота ва ўпор.
Застаецца адзін ля павеці,
А другі – напрасткі цераз двор.

Міма вокнаў ідзе да парога…
Сэрца Вольгі ад страху дрыжыць.
Застаецца надзея на Бога:
Зберажы! Зберажы! Зберажы!

Ён заходзіць… Нязванец бяздушны,
У пагардлівым позірку здзек.
Свет сціскаецца. Даўка і душна.
Што патрэбна табе, чалавек?

Ты прыйшоў, каб забраць нашы жыцці?
Што, табе не хапае свайго?
Мо цябе нарадзіла ваўчыца
Ад дыхання паганскіх багоў?

І пагэтаму ты ў неспакоі,
І душа твая прагне крыві,
Каб спатоліцца гэтым напоем
І падоўжыць свой век на зямлі?

Ці зямелькі табе не хапае,
Каб спакоем напоўніць свой век?
У любові ж усё расцвітае.
Што патрэбна табе, чалавек?..

Не, не воўк ты па простай прыкмеце:
З іх ніколі ніхто ў барацьбе,
Хоць жывуць і ў бязлітасным свеце,
Не знішчае падобных сабе.

Толькі служкі пякельнага племя
Праз такіх забіраюць свой куш,
Рассыпаючы Каіна семя
Над палеткамі выклятых душ.

Нелюдзь ты!.. Гэта ж бачна адразу,
Не прысніцца такое і ў сне.
– Дзеткі, дзеткі, хавайцеся разам.
Вось сюды, за мяне, за мяне.

Можа, пройдзе і гэта здарэнне.
Можа, ён пашкадуе малых. –
І дакладней мальбы і прашэнняў
Выдаў Вольгу нястрыманы ўздых.

Брацік побач. “Акно падпірае” .
Калі што, абароніць мяне.
Паліцай, можа, толькі пужае,
Добрым скончыцца ўсё…

Але не.

Шурка думкі варожыя змеціў
І на ката рвануўся, як змог.
Толькі вораг яго апярэдзіў
На імгненне,
Спусціўшы курок.

Кулямётны адрывісты рогат
Час, жыццё і прастору расшыў.
Рукі цягнуцца к небу, да Бога:
– Зберажы! Зберажы!.. Зберажы…
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

IV
Божа, Людзі Твая зберажы!

1
Сціхлі лета шумлівыя кросны.
Нават птушак, і тых не чуваць.
Толькі спеюць крывавыя росы,
Дзе прайшла ашалелая раць.

На вялізарным шэрым пагосце
Не відаць ні магіл, ні крыжоў.
Тлен, вуголле, збялелыя косці…
Ды шкілеты счарнелых садоў.

Уздоўж вуліц былых, нібы свечкі,
Невыказнага гора званы:
Сіратлівых абсмаленых печаў
Каміны,.. каміны,.. каміны…

Сум і попел разносяць дарогі
Да ссівелага неба мяжы –
Душы спаленых прагнуць да Бога:
Зберажы! Зберажы! Зберажы!

2
Ад пажарышча, спрэжаным полем,
Праз бясконцы, разгублены дзень,
Сцяўшы рукі ад жаху і болю,
Ціхім ценем дзяўчына ідзе.

А навокал маўкліва і пуста,
Нібы свет тут сышоўся на клін.
Толькі шэпчуць пасмяглыя вусны:
– Маім родным дай Божа спачын.

Хто адкажа мне:
Як жа магчыма
З гэтай ношай далей будзе жыць?
Прывід смерці стаіць прад вачыма!
Ні паняць, ні забыць, ні змяніць…

3
Прыпынілася ўскрай сенажаці
На стаптанай пажухлай траве:
Ёй здалося, што нібыта маці
З вышыні яе ціха заве.

І гаворыць пяшчотна і строга:
– Моцнай будзь. У жыцці, да сябе
Не бывае кароткай дарога.
Знай, не скорыцца злоба злабе.

Толькі шчырая ў сэрцы малітва
Можа шлях праз любоў прыадкрыць.
Не звярні, хоць і кроўю паліты
Ужо зараз твой лёс на зямлі.

І Марыйка да высі бясконцай
Погляд сініх вачэй падняла
І насустрач ласкаваму сонцу,
Нібы ўбачыла маці, пайшла.

– Мама, мамачка, страшна і сумна,
Што няма цябе побач са мной.
Мама, мамачка страшна і сумна
Заставацца на свеце адной.

Адзінокай у полі былінцы
Дзе ўзяць сілаў, каб ветры стрымаць?
Сярод холаду зла і чужынцаў
Дзе дарогу да шчасця шукаць?

І ў надзеі адказу чакала.
Але сіняя далеч нябёс
Задуменна маўчала,.. маўчала,
Як не чула й не бачыла слёз.

3
І яна тады ўскінула рукі,
Бы Анёлам бязважкім была,
І, адолеўшы даўкую скруху,
У маленні прасіць пачала:

– Ойча наш, да Цябе на Нябёсы
У пакоры звяртаюся я:
Ад бяссэнсавых лютых забойстваў
Збаві, Госпадзі, людзі Твая!

Каб ніколі снарады і кулі,
Не разносілі жахі смярцей.
Каб ніхто не страляў у матуляў,
У сястрычак, братоў і дзяцей.

Божа Любы! Заўсёды, павер мне,
Будзе ліцца малітва мая.
Толькі Ты ад вайны і бязвер’я
Збаві, Госпадзі, людзі Твая!

Каб заўжды без пакутаў і болю
Людзі ў міры шчасліва жылі.
Каб у свеце нідзе і ніколі
Не бурылі Твой Дом на зямлі.

Божа Любы! Тужлівыя страты
Перажыць з Табой здолею я!
Ад бяды, ашуканства і здрады
Збаві, Госпадзі, людзі Твая!
. . . . . . . . . . . . . . . . .

Ойча наш!
І на сэрцы цяплее,
І малітва мацнее ў душы,
І заранак жыцця палымнее,
І зліваюцца ў Слове надзеі:
Божа, Людзі Твая зберажы!

Алесь Казека

1. Halt! Man darf nicht! Zurьck! – Стой! Нельга! Назад! (ням.)
2. Das abscheuliche Mдdchen! Rьckwдrts! – Агіднае дзяўчо! Назад! (ням.)
3. Nach Hause! Zurьck! – Дадому! Назад! (ням.)
4. Самадумка – так у народзе называлі вёску Новы Юзін.
5. Рыгор – муж Вольгі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Марыйка - Алесь Казека