Верш Паехалі
Маршрут турысцкі быў вядома
Распрацаваны добра так,
Што грошы, калі ўзяў хто з дому,
Патраціць мусіш! Толькі так,
А не іначай… Хто украмах,
Паспее сувенір купіць…
Ну, а мужчыны ўсё таксама
Патрацяць, піва каб папіць.
Крыху аўтобус затрымаўся –
У горадзе музеі ёсць…
І кожны пасажыр стараўся
Усё дагледзець – ён жа госць!
Пасля жанчыны захацелі
Наведаць крамы, а яшчэ
Схадзілі к берагу рачулкі
Глядзець, як там вада цячэ.
Вядома, дома гэтак сама
Цячэ вада, трава расце…
Ды тут турызм: паўней і крама
І лісцеў болей на кусце!
Ўсё паглядзелі, ўсё купілі
І грошы распусцілі ўсе…
Усе закуткі абхадзілі…
Пайшлі збірацца пакрысе
К аўтобусу. А там, вядома,
Хто прыпазніўся – дзесьці стаў
У краме ў чаргу, як дома…
Рот чуць разявіў і адстаў.
Але, нарэшце, паступова
Ўсе падышлі. Але чаго
Ў аўтобус не садзяцца –
Проста, шчэ не хапае аднаго.
Чакалі дзесьці з паўгадзіны…
Мо, што купляе… Трэба ж жыць…
Ў жанчынаў варыянт адзіны –
Хай за аўтобусам бяжыць!
І прымаўкі пайшлі бадзёра,
Што і кірмаш без аднаго
Адбудзецца. І што сямёра
Ўжо не чакаюць аднаго.
Рашылі – трэба ехаць ўсё-ткі,
Хай даганяе!.. Ды дарма…
Пачулі ціхі голас цёткі:
-Дык, то ж шафёра і няма!..
Дзмітрый Краскоўскі (п. Івянец)