Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Урывак з мемуараў

УРЫВАК З МЕМУАРАЎ

… На Ўшэсце чатырнаццатага года
Мы класам сабралiся на пiкнiк.
Бацькi – на дачах. З гэтае нагоды
Ва ўсiх адразу смелы план узнiк:
Паспрабаваць паклiкаць далiкатна
На наш велiкасвецкi мацыён
Недасягальных дзеўчанят з прыватнай
Гiмназii мадам дэ Рэвiён.

На ўзлеске губернатарскага сквера,
Там, дзе грымеў i бразгаў скетынг-рынг,
Мы разлажылi пернiкi, эклеры,
Iрыс, клубнiцы, даўкi размарын.
А каб зусiм аслупянелi дамы
I не скупiлiся на пахвалы,
Дык Яшка Фiнк сцягнуў з бацькоўскай крамы
Бурштынавую пляшку марсалы.

Васiль Скварцоў дурыўся ў ролi клоўна,
Хвалiўся цыркавой будучынёй.
(Праз тры гады на хутары пад Коўна
Ён быў забiты п’янай казачнёй).
Хiхiкала з ягоных жартаў Ядзя –
Суседка Яшкiна па этажу.
(Расстрэляна на Мойцы ў Петраградзе
Пасля эсэраўскага мяцяжу).

Марк Кавалёў – паклоннiк сiмвалiстаў –
Чытаў Бальмонта Аляўцiне К.
Яго айцец быў палiцэйскi прыстаў,
Яе – друкар кадэцкага лiстка.
(Загiнулi ўдваiх пры артабстрэле,
Калi абаранялi Перакоп,
Iх векавечнай шлюбнаю пасцеллю
Стаў нейкi паўзасыпаны акоп).

Цяпер мне уяўляецца, як помнiк,
Той шумны i вясёлы скетынг-рынг,
На нас адкiдваў сонечныя промнi
З бляшанай кроўлi асляпляльны цынк.
Ад яркага пранiзлiвага ззяння
Прыжмурылiся сёстры Гедымiн.
(Ў бардэлi рымскiм закалолась Яня,
I Таню там жа знiшчыў какаiн).

Чуць у баку, пад буйным лiсцем клёна,
Такi ж буйны, парывiсты, як шквал,
Алоiз Берг пяшчотна, палка, плённа
Рахiль Багрову ў губы цалаваў.
Хвастом змяiным завiваўся шэраг
Жадаючых прайсцi на скетынг-рынг,
I на Рахiль глядзеў з маркотай ў шэрых
Сваiх бiблейскiх воках Iакаў Фiнк.

Алоiза i Яшку вабiў Дзюрэр.
Яны былi сябрамi. (Насамрэч,
У Заксэнхаўзэне брыгадэфюрэр
Алоiз Берг адправiць Фiнка ў печ
Ды будзе сам павешаны ва Ўнечы).
З усiх, хто быў на пiкнiку ў той год,
Адна Рахiль зышла па-чалавечы,
Памёршы ў васямнаццаць ад сухот.

Увечары зацiхнуў гул бясконцы,
Якiм штодзень хвалiўся скетынг-рынг.
За гарызонт закочвалася сонца,
Падобнае на спелы мандарын.
I не было нi смутку, нi адчаю,
Але не пакiдала пачуццё,
Што за вуглом з сякераю чакае
Шчаслiвае i доўгае жыццё…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Урывак з мемуараў - Глеб Ганчароў