Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Анёлы

У час, калі золак расквеціць дахоўку Манмартра,
У мажнай гандляркі, крыклівай, як бойкі пірат,
Пад рыначны вэрхал, ману, непрыстойныя жарты
Вы купіце бручку, фасоль і зялёны шпінат.

А на медзякі, што сагрэты ў паколатых пальцах,
Якімі Вы шыеце іншым да шлюбаў убор,
Кавалак бараніны купіце, таннага смальцу,
І яблык чырвоных, латук і адзін памідор.

Па лесвіцы вузкай, прыступкі палічачы ўпарта,
Нібыта здабычу, пакупкі ўнясеце ў пакой,
Напевам масніц вас сустрэне малая мансарда,
Згатуецца ежа, і будзе святочны настрой.

Закрэхчуць прыступкі пад моцнай юнацкай нагою,
Ён прыйдзе, прапахлы парфумамі іншых кабет,
Бліжэй да абеду. І ў Вашым мансардным пакоі
Вам стане ўтульней у дыме яго цыгарэт.

Нібы нацюрморт, заіграюць святочныя стравы,
Пяройдзе ў вячэру абед, як заўжды, спакваля,
І танным віном, маладым і да скомы гаркавым
Падасца каханне, што будзе між вас апасля.

Ужо адкахаўшы, ён скажа, што ў нейкім бардэле,
На Ру Сан-Вінсэнт або Ру (во, забыўся!) дэ Сол,
Такія знайшоў ён для новых палотнаў мадэлі,
Там што ні дзяўчына – сапраўдны нябесны анёл!

А потым засне каля Вас у мансардзе пахілай.
Мастак і каханы. Да раніцы будзе адзін:
Вы возьмеце з шафы далёка схаваныя крылы,
І ў ноч паляціце па фарбы для новых карцін.

Ajsa, 15.3.2012.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Анёлы - Святлана Куль