Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Жалезны век

Ствараў машыны, адшліфоўваў час,
Прагрэс іх гнаў за вынікам за лепшым…
Мы гэтак жа ад іх цяпер залежым,
Як і яны залежалі ад нас.

Гадуе лічбы бег матораў, шын…
Мы – іх рабы, палоннікі, прыслуга…
Каб нас сейсмограф вартасці праслухаў –
У нашых душах нешта ад машын.

Вялікай тэхнікі задышша і засіл…
Куды вядзе яна: у скон ці ў вечнасць?
Ці не губляецца ў гэтым чалавечнасць,
Ці не расце дыктат жалезных сіл?

…Халоднай волі сцяўшы абцугі,
Кую характар, спрамлены, жалезны,
I заўважаю: стаў зусім другі –
Нервовы, злосны, к гору не балесны.

Электраасцылограф закрывіў –
Якое ліха ў душу ўлезла?
Хоць лекі з лесу – толькі ў крыві
He меншае халоднага жалеза.

He той жалезны век, калі з руды
Метал паліўся вогненым замесам,

А той, калі ў людзей у век круты
Чарсцвеюць сэрцы горай за жалеза.

Ніякіх скідак на імклівы век!
Душа не знойдзе аніякіх лекаў,
Калі ў жалезным веку чалавек
He будзе заставацца Чалавекам.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Жалезны век - Алесь Камароўскі