Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Жураванька (паэма)

– А чаму свеціць сонейка ўночы?
Яно мае, напэўна, вочы?
– Спі, анёлачак мой, засні.
Гэта месяц глядзіць з вышыні.
Ходзіць сонейка яснае днём,
Заўтра мы на яго зірнём.
Заўтра пойдзем з табой на праходку…
Помніш, дочка, на Прыпяці лодку?
Мы на ёй каталіся з татам.
– А калі мы паедзем дахаты?
– Хутка, хутка. Цяпер ужо хутка, –
Маці слёзы змахнула ціхутка, –
– Мы паедзем тады дамоў,
Як жураўка вернецца зноў.
– Мама, тая жураўка – наша,
Што з рукі маёй ела кашу?
– Тая, Марыся, тая.
Яна стрэчы з табой чакае.
Спі, дачушка, засынай.
Баю-бай, баю-бай.
Закрываюцца ціха вочы.
– Спі, Марыська мая, добрай ночы.
А матуля? Не спіцца матулі.
Яна рукі да сэрца туліць
І малітвы шэпча да Бога.
А над лёсам – Чарнобыль. Дарога
Праз бясконцасць дзіцячых пакутаў,
Праз лейкоза нябачныя путы.

Узнялося воблака грыбам,
Узнялося воблака-глыба,
Узнялося сеяць атруту,
Узнялося сеяць пакуты.

Злосна вые за вокнамі вецер,
Плача ён па пакутніках-дзецях.
Пасівела матуля заўчасна
Ад сваёй ад долі няшчаснай.
Злосна вые за вокнамі вецер,
Б”ецца ў шкло ашалелае вецце.
Нават ноч дараваць не можа
Тым, хто гэтак неасцярожна
З клеткі выпусціў мірны атам.
Яго можна назваць хіба катам,
Што пасеяў такую атруту,
Што пасеяў такія пакуты…
Плача маці, гладзіць прасцінку,
Выцірае слязу хусцінкай.
Заўтра зноў знаёмай дарогай
Яна пойдзе прасіць…у Бога
Паратунку сваёй Марысі.
Самалёт паляцеў у высі,
Растрывожыў шкляныя шыбы.
Адказаць яны змогуць хіба,
Як аблегчыць пакуты Марысі?
Высі! Родныя высі!
Вы атруце чаму паддаліся,
Ад зямлі адвярнуліся тварам,
Каб жыццё зрабіць чорнаахвярным?

Узнялося воблака грыбам,
Узнялося воблака-глыба,
Узнялося сеяць атруту,
Узнялося сеяць пакуты.

Дні пакутаў мінаюць і болю.
Не падняцца Марысі ніколі…
На сцяне стук ходзікаў роўны.
Дзяжурыць сёння Ірына Пятроўна.
На сцяне стук ходзікаў роўны.
Побач з Марысяй Ірына Пятроўна…
Злосна вые за вокнамі вецер,
Б”ецца ў шкло ашалелае вецце.
Маці кнігу чытае дачушцы,
Моўчкі гладзіць рукой па падушцы.
– Мама, мамка мая, матуля! –
Дочка вусны да маці туліць. –
– Што, анёлачак мой крылаты?
– Я хачу, я хачу дахаты,
Без мяне там сумуе тата.
– Тата лечыць вясковых дзетак.
Ён казаў, што насадзіць кветак
Ля акенца твайго, Марыся.
Толькі ты падыміся.
Падыміся, устань на ногі
Сама, без маёй дапамогі.
Паспрабуй…Без маёй дапамогі.
І Марыся збірае сілы,
Ды дарэмна – падрэзаны крылы…
Ах, праклятая Чорная быль –
Чарнобыль!

Узнялося воблака грыбам,
Узнялося воблака – глыба,
Узнялося сеяць атруту,
Узнялося сеяць пакуты.

Ціха плакала ў ложку Марыся,
Як анёлак, што плача ў высі:
– Вы люстэрка сюды прынясіце,
Мне мяне у ім пакажыце…
Ёй прынесці б люстэрка такое,
Дзе мёртвае – быццам жывое.
Ды такое ніхто не прыдумаў.
Хіба хто калі-небудзь думаў,
Што хаваць трэба будзе ў скрусе
Праўду-крыўду дзяцей Беларусі.

На сцяне стук ходзікаў роўны.
Побач з Марысяй – Ірына Пятроўна.
– Я папраўлюся усё роўна,
Ачуняю, Ірына Пятроўна!
Зацвітуць пад вокнамі ружы,
Мы забудзем зімовыя сцюжы.
Мамка, глянь, як красуе грэчка.
А чаму у тунелі свечка?
Мама, мама, глядзі: жураўка
Мяне кінуць хоча на траўку.
Прагані яе, прагані, –
Трызніць хворая. Бы ў агні
Рукі кідае па падушцы…
І не можа нічым дачушцы
Маці родная дапамагчы.
– Ціха, любая, не крычы,
Не палохай сваю жураўку,
Да цябе што спяшала на траўку,
Ды шкада – не паспела,
Вельмі рана яна прыляцела.
Вельмі позна яна прыляцела –
Ты яе прычакаць не паспела.
– Глянь, дачушка, зяленіцца траўка.
О, Марыся – мая Жураўка!

…Ціха ўсхліпнула ў ложку Марыся.
Яна ўжо адлятала ў высі.
Так анёлы ўздымаюцца ў высі,
Як яна, беларуска Марыся.
Вось яна на вялікіх крылах
Аж да самага сонца ўзмыла,
Развітальна жураўкай крычала.
Толькі маці…Маці маўчала.
Пасівела матуля заўчасна
Ад сваёй ад долі няшчаснай.
Ды ці толькі яна адна?
Дык у чым жа яе віна?

Узнялося воблака грыбам,
Узнялося воблака – глыба,
Узнялося сеяць атруту,
Узнялося сеяць пакуты.

Боль і страх у вачах матулі.
Яна вусны да дочкі туліць.
О, як сэрца крычыць – не змаўкае,
Плача роспачна – не сціхае.
Толькі памяць страшнаю глыбай
Узлятае воблакам-грыбам
І пяшчотнаю хваляй Прыпяці
У бяссмерце іх хоча вынесці.
Зазванілі званы ў адчаі,
А у небе…Журавы закрычалі.

Зноў вярнуліся птушкі дахаты.
– Вы не плачце, мама і тата! –
Маці голас дачушкі чуе, –
– О, Жураўка мая, дзе начуе
Твая сёння душа ў спакоі?
Толькі ўжо не ў бальнічным пакоі.
Мо у Прыпяці хвалях чорных,
Або ў рэках далёкіх горных,
Або ў вечных снягах Гімалаяў?..
(Хто апошні свой шлях згадае?..)

Узнялося воблака грыбам,
Узнялося воблака – глыба,
Узнялося сеяць атруту,
Узнялося сеяць пакуты.

Закрычала ў небе жураўка
Па-над першай вясновай траўкай.
З журавамі вяртаюцца гусі
Да радзімы сваёй – Беларусі.
Так шкада, што вяртаюцца гусі
Да чарнобыльскай Беларусі.
Як шкада, што ўжо аніколі
Не пачуе дзяўчынка іх болей.
Назаўсёды ў неба ўзняліся
Крылы Жураванькі – крылы Марысі.

Ну, скажыце, людзі, ці ж можна
Дараваць тым, хто неасцярожна
З клеткі выпусціў мірны атам.
Яго можна назваць толькі катам.
Заглянуць бы ў вочы тыя.
Паказаць на крыжы малыя.
Колькі дзетак лягло!!! А ляжа???
Ніхто не скажа. Ніхто не адкажа.

Узнялося воблака грыбам,
Узнялося воблака – глыба,
Узнялося сеяць атруту,
Узнялося сеяць пакуты.

Змоўклі птушкі ў нямым адчаі,
Над Палессем ужо не крычалі,
Бо на крылах сваіх неслі
Марысі апошнія песні.

І ляцелі яны над Палессем,
Каб схаваць скруху чорную ў лесе.
Праляталі ціха, самотна
Над зямлёй беларускай гаротнай.
А за імі ўслед узняліся
Крылы Жураванькі – крылы Марысі.
Назаўсёды ў неба ўзняліся
Крылы Жураванькі – крылы Марысі.

Верш Жураванька (паэма) - Зінаіда Гасціловіч