Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Пасля вайны

Я на кіно ў бацькоў дазволу клянчу.
Пасу гусей ў разлётнай чарадзе.
Мой залаты, мой рэзкі свет дзіцячы:
Мятлушкі сон і чэрапы людзей.

Яшчэ пякуць нясцерпна пахаванкі,
Але жыццё вяшчуе немаўля.
Стрыгуць авечак рупныя сялянкі –
I пухам усцілаецца зямля.

Я кніжкі ўсе чытаю па парадку:
Пра рыцараў, пра жахі, пра любоў.
А цыганы апошнюю апратку
Выманьваюць без сораму ва ўдоў.

Скідае фрэнчы пыльная Еўропа.
Сусед бязногі едзе на кані.
А там, на дне смярдзючага акопа, –
Малінніку дражнючыя агні.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Пасля вайны - Яўгенія Янішчыц