Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Над перакатнай рэчкаю

Як глянь: бярозы свечкамі,
Нязманлівым святлом –
Над перакатнай рэчкаю,
Над ціхім азяром.
Юнацтва бессардэчнае
Сплыло, нібы паром,
Над перакатнай рэчкаю,
Над грозным азяром.
Ды родны край баронячы,
Праз жыта, праз ільны –
Усё яшчэ, усё яшчэ! –
Ідзе салдат з вайны.
Ідзе ён цёмнай ночанькай,
Ідзе спякотным днём,
Бо ўсё яшчэ, бо ўсё яшчэ
Планета пад агнём.
Як завіруха белая,
Як белая сцяна,
Нявеста пасівелая
Прымоўкла ля акна.
Гудуць вяселлі новыя
Ў суседак на двары.
…Дзве чаркі палыновыя
З мядовае пары.
Дзе, пад якою зоркаю
Варушыцца курган?
I шэпчуць вусны згорклыя:
“Іванечка, Іван!”
Юнацтва бессардэчнае
Ударыць, нібы гром,
За перакатнай рэчкаю,
За цёмным азяром.

Верш Над перакатнай рэчкаю - Яўгенія Янішчыц