Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Кахання сад і ластаўка вясны

I дождж, і гром, і несціханы вецер,
I першы клейкі лісцік выразны!
…Абуджваюць балючае дасвецце
Кахання сад і ластаўка вясны.

Яшчэ з табой мы павяснуем, доля,
Бо соты раз, як позва адкрыцця, –
У светлыні агромленага голля
Кахання май і ластаўка жыцця.

Вясна, агонь зялёнага азарту,
Люблю твайго размаху крыгаход…
Зялёны сад – ён стане жоўтым заўтра,
Але нальецца тайнай сілай плод!

Аціхне шум. Ацяжалее крона.
Ды зноў успыхне лісцік выразны.
I блаславіць нашчадак акрылёна
Кахання сад і ластаўку вясны.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Кахання сад і ластаўка вясны - Яўгенія Янішчыц