Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Фартысіма



Расклад зімы вясна ў архівы спіша.
З вясны пачнецца мой наступны год.
Фартысіма – расколатая ціша.
Фартысіма – які глабальны лёд!

Вось-вось лістоў зялёныя запалкі
Успыхнуць, салютуючы вясне.
Узбудзяцца з ліловых сноў фіялкі,
А ў далавах не хоча таяць снег.

Скажы, якім найменнем адгукнецца
Крыжасты крыгалом, нібы разбой?
Заходзіцца ў чаканні свята сэрца,
А на душы не хоча глохнуць боль.

Мы злучым незлучальныя паромы.
Мы соль з’ямо, забыўшыся на мёд.
Фартысіма… Яшчэ няма мне стомы.
Фартысіма – які бясконцы лёд!



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Фартысіма - Яўгенія Янішчыц