Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Зразумець, што ты – народ



Зразумець, што ты – народ,
I ад радасці ўзвінуцца,
На любы яго зварот,
Як на імя адгукнуцца.

Са сваёй Радзімай ты –
Назаўжды адно і тое ж;
I маленькай свалаты
Ад яе ты не прытоіш.

Зразумець, што ты – народ,
Які ў свеце часта хваляць.
Жыць за племя, жыць за род,
Што схавалі часу хвалі.

Памагчы араць і жаць
Нетаропкаму ратаю.
Яго ніву паважаць,
Бо яна ў яго – святая.

Нібы маці, берагчы
Працаўніцу нашу – мову,
Бо яна – жыцця зачын
I пачатак песні новай.

За народ ісці на бой,
Помніць, правячыся боем,
Што стагоддзі за табой
I стагоддзі – прад табою.

Твае раны ўсім баляць.
Нас ратуюць, як ад смагі,
I савецкая зямля,
I кастрычніцкія сцягі.

Зразумееш, ты – народ,
Крык, як радасць, не стрымаеш
I падыме, нібы ўзлёт:
Я народ свой, людзі, маю!



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Зразумець, што ты – народ - Янка Сiпакоў