Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ворагам Беларушчыны

Чаго вам хочацца, панове?
Якi вас выклiкаў прымус
Забiць трывогу аб тэй мове,
Якой азваўся беларус?

Чаму вам дзiка яго мова?
Паверце, вашай ён не ўкраў,
Сваё ён толькi ўспомнiў слова,
З якiм радзiўся, падрастаў.

Цяпер i вы загаварылi,
З апекай выйшлi, як з зямлi;
А што ж дагэтуль вы рабiлi?
А дзе ж дагэтуль вы былi?

Ваш брат i цёмны, i галодны;
Хацiнка свой зжывае век;
I век не знаў ён дум свабодных,
I крыўдзiў свой брат – чалавек.

Вам страшна нашай слёзнай песнi
I жальбы страшна вам глухой?
Вам жудка сонца напрадвеснi?
Мiлей вам холад з цемнатой?

А што ж вам беларус такога
Пасмеў зрабiць, пасмеў сказаць?
Эх, трэба ўчыць яшчэ вас многа,
Як свайго брата шанаваць!

Эх, кiньце крыўдамi кармiцца, –
Кожны народ сам сабе пан;
I беларус можа змясцiцца
Ў сям’i нялiчанай славян!

Напасцю, лаянкай напраснай
Грудзей не варта мазалiць!
Не пагасiць вам праўды яснай:
Жыў беларус i будзе жыць!

Не столькi “хамскiя” натуры
На карках вынеслi сваiх!
I свiст даношчыкаў пануры,
Паверце, не запудзiць iх!

К свабодзе, роўнасцi i знанню
Мы працярэбiм сабе след!
I будзе ўнукаў панаванне
Там, дзе сягоння плача дзед!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ворагам Беларушчыны - Янка Купала