Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Песьня вольнага чалавека

Дарэмна сьвістамі нагаек
Застрашыць хочуць тыраны,
Нагнаўшы чорных соцень шаек,
Акулі рукі ў кайданы, –
Душой я вольны чалавек,
І гэткім буду цэлы век!

Не страшны мне Сібір, астрогі,
Меч катні над шыяй маёй,
Хоць і скуюць мне рукі й ногі,
Хоць зрэнкі выдзеруць з вачэй, –
Душой я вольны чалавек,
I гэткім буду цэлы век!

Нам есьці хочацца тым болей,
Чым горай голад прыгняце,
Тым рвёмся больш мы і да волі,
Чым меней к нам яе ідзе.
Душой я вольны чалавек,
I гэткім буду цэлы век!

Дарэмна гіканьне нясецца
Дэспотаў подлых над зямлёй,
Што воля ў путы акуецца,
Згняцецца сілаю, пятлёй.
Душой я вольны чалавек,
I гэткім буду цэлы век!

Ці ж людзі сонца згасіць могуць,
Згасіць, як сьвечку, яснасьць дня?
I волі ж дэспаты не змогуць,
Бо воля сонейку раўня.
Душой я вольны чалавек,
I гэткім буду цэлы век!

Верш Песьня вольнага чалавека - Янка Купала