Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На сход!

На сход, на ўсенародны, грозны, бурны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!

Як роўны йдзі жыхар між роўных жыхароў,
Аддай на суд свае ўсе крыўды, слёзы, кроў.

Аб вечным катаванні, здзеку далажы
і пакажы на курганы і на крыжы.

І аб раскопаных магілах не забудзь,
Дзе груганы тваіх там продкаў косці рвуць.

Як гналі пот з цябе паны і каралі,
Як гналі проч цары з радзімае зямлі.

Як Бацькаўшчыну тваю рэжуць на кускі,
Як гібнеш з дзецьмі ты ад катняе рукі –

Аддаці ўсё на суд, на ўсенародны сход
Ідзі, аграблены, закованы народ!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш На сход! - Янка Купала