Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мужык

Што я мужык, усе тут знаюць,
і, як ёсць гэты свет вялік,
З мяне смяюцца, пагарджаюць, –
Бо я мужык, дурны мужык.

Чытаць, пісаць я не ўмею,
Не ходзіць гладка мой язык…
Бо толькі вечна ару, сею, –
Бо я мужык, дурны мужык.

Бо з працы хлеб свой здабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
і свята рэдка калі знаю, –
Бо я мужык, дурны мужык.

Галеюць дзеці век без хлеба,
Падзёрты жончын чаравік,
Не маю грошы на патрэбу, –
Бо я мужык, дурны мужык.

Заліты потам горкім вочы;
Ці я малы, ці я старык, –
Працую, як той вол рабочы, –
Бо я мужык, дурны мужык.

Як хвор ды бедзен – сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я без доктара лячуся, –
Бо я мужык, дурны мужык.

Што голы я павінен згінуць,
Як той у лесе чашчавік,
І, як сабака, свет пакінуць, –
Бо я мужык, дурны мужык.

Але хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, браткі, не забуду,
Што чалавек я, хоць мужык.

І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык:
Што хоць мной кожны пагараджае,
Я буду жыць! – бо я мужык!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (3 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Мужык - Янка Купала