Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Акоў паломаных жандар



Акоў паломаных жандар,
Сліўнем зарыўшыся ў нарў,
Сядзіць расейскі чынадрал,
“Слуга оцечаству, цару”.

Ён сніць былую моц і шыр:
Цары, царыцы, цэрквы, трон,
Пагромы, катаргі, Сібір…
О, Русь, прымі раба паклон!

Табе такой служыць па гроб
Ня кіну я, і “расцярзаць”
Ня дам дзяржаўнасці “оплот”,
Цябе, “единую”, о, маць!

Здарма ж двуглавы твой арол
Праз векі ў кіпцюрах трымаў
Мільёны ўбогіх хат і сёл,
Рабоў мільёны?.. Нездарма!

У твой ланцуг былі, о Русь,
Уплецены з усіх бакоў
Украйна, Польшча, Беларусь
і сотня іншых “языкоў”.

Цяпер, што бачу я кругом?
Пасад маўклівы збуран скрозь…
Рэспублікі!? Ды з “языком”
З іх лезе кожная ўсур’ёз.

А ты, о рускі мой “язык”!
Мой “общарускі”, што з табой?
Табе слухмян быў мал, вялік,
Быў славен ты сваёй кляцьбой.

Табой сам самадзержац цар
Пісаў ланцужны свой закон,
Што маці-Русь есі жандар
Усёй Эўропы!..

І свой сон
Сніць далей гэты царадвор,
Калі надыдзе яму дзень,
ізноў пад лёзгат царскіх шпор

Свой распасцерці чорны цень.
Ён, гэты скінуты сатрап,
Ня знае, што ў свабодзе жыць;
Яму дай вісельню, дый каб

На ёй “языкі” ўсе ўшчаміць.
Не па нутру, як смерць, яму,
Што беларускае дзіцё
Бяжыць у сцюжную зіму

У школку пазнаваць жыццё.
Спужаўся, што хлапчук

ў лапцёх,
Напоўадзеты вёскі сын,
У роднай мове ўчыцца змог?..

О, стыдна, рускі “гражданін”!
Язык твой царскі ён табе
Ня выража, спакойны будзь!
Цябе тваім жа у кляцьбе
Ён не забудзе памянуць.

Былых ня выклічаш вякоў
і ты, Масквы кароннай гразь,
Парваных ня скуеш акоў,
З якой брахнёю ня вылазь!

1926



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Акоў паломаных жандар - Янка Купала