Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Будзь цвёрды

Ты не гніся, брат, ніколі
Траўкаю пахілай,
Сам пружыны своёй долі
Выкуй ўласнай сілай!

Бо хоць кажуць, што з уклону
Не баліць галоўка, –
Не зважай: з ярма-прыгону
Выйшла гэта слоўка.

Не прасі, не спадзявайся
Ты на дапамогу,
Сам з нягодамі змагайся,
Сам прабі дарогу!

Хоць памогуць табе людзі
Адшукаць дарогі,
А саб’ешся, зноў ты будзеш
Абіваць парогі.

НЕ лісціся к сільным, дружа,
Зеллейкам-бярозкай,
Бо не выйдзеш век з-пад гужа,
Страціш вобраз боскі,

І ў людзей ты гонар страціш –
І цябе зракуцца:
Лепш змагацца вольным, браце,
Чым цярпець ды гнуцца.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Будзь цвёрды - Якуб Колас