Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Дадому

Гады?, нібы воды імклівай ракі,
Адносяць нас ад берагоў,
Дзіцячых жаданняў, ад блізкіх сваіх,
Ад вёсак ды ад сваякоў.
І як толькі год, нібы сон, праляціць,
Далей і далей мы ад хат,
Дзе з малку знаёмы калодзеж стаіць,
Дзе за агародам раўчак…
Вось толькі чаму, хоць міне шмат гадоў,
Хоць будзе ўжо шмат перажыта,
У памяці ўстане, забыты даўно,
Бацькоўскі падворак, ды жыта,
Што жала матуля, і, нават той серп,
Да болю ў сэрцы знаёмы,
І нават запахне ў той момант мне хлеб,
Што ў печы сваёй прапячоны.
Лажыцца на сэрца нуда. Да бацькоў!
Хаця б і на дзень на радзіму!
Усё кінуць, прыехаць, абняць сваякоў,
Сказаць, што іх больш не пакіну.
Матулю абняць і забыцца пры ўсіх,
Што ты ўжо сталы мужчына,
Ад шчасця вяртання дадому пусціць
На волю ўсе слёзы, ўспаміны.
А вечарам, пасля прыходу кароў,
Калі адспявае падойнік,
Пачуць цішыню, або крык крумкачоў
І ціха заснуць, нібы школьнік.
Пад ранне ляжаць і чакаць, што вось-вось
Матуля падыдзе і скажа:
“Прачніся, сыночак, да школы збірайсь,
А я табе дранікі смажу”
І нібы дзяцінства ў акно зазірне:
Так хораша,
Сонечна,
Зычна…
……………………………………………………………………..
Я снедаю хутка, як быццам мяне
Сусед Сашка ў школу пакліча.

Верш Дадому - Вячаслаў Жук