Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш У сны і вёсны

З дарог запыленых
I душных
У сны вяртаюся
I вёсны…
Я па-вясковаму
Відушчы
У межах роднай вёскі.

Са мной
Вітаецца старая
I ледзь знаёмая
Жанчына.
Я так знаёма пазіраю
Сам на сябе
Яе вачыма…

I адчуваю,
Як аблога
Гадоў распалася.
Дзядзінец.
Пад ценем тупаю
Былога
Свайго шчаслівага дзяцінства…

Над ганкам
Даўняя падкова,
Што нейкі конь
На шчасце скінуў.
Якое ж шчасце
У вясковых,
Што раптам сталі
Гарадскімі?..

Ці малады я,
Ці пажылы –
У сны вяртацца мне
I вёсны:
Мне цёмна дыхаць
На чужыне,
Мой родны дом –
У роднай вёсцы.

Верш У сны і вёсны - Віктар Стрыжак