Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Старое

Хіба кахала ты, хіба?
І хто табе жыццё скалечыў,
Што ты,
Як ніцая вярба,
Не ў стане больш
Расправіць плечы?

Туманны прывід халадоў
У нас за спінамі
Прашастаў
Яшчэ, калі ты маладой
Маніла мне
Пра наша шчасце.

Я прадчуваў ужо тады
Пялёсткай нейкай
Юнай цноты
Пакуты нашай нематы,
Гады балючай адзіноты…

Ты выйшла замуж
Без журбы.
Так майскі дзень
Ідзе ў летні.
Я ж на тваёй дарозе быў
Тады
Як просты безбілетнік…

Выбраннік твой –
Казак з марскіх,
А не з галернікаў АСВОДа.
Хто ж навязаў
Вузлоў такіх,
Што ледзь разблыталі
Разводам?

Але не буду.
Хопіць. До.
Хоць не забыць
Нішто у часе.
Вярнуць бы нашу маладосць –
Я не паверыў бы
У шчасце.

Гады пратупалі.
І вось
Апошні дзень
Наш чэзне летні…
І мы ў запрэжцы
Цягнем воз
Агульнай стомы
Безбілетнай…

Верш Старое - Віктар Стрыжак