Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ТАДЭВУША РЭЙТАНА

(20.08.1742–8.08.1780)

“Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!”–
І крыжам ты лёг пад нагамі сваіх землякоў.
Вялікае Княства быць цэлым, як сэрца,
павінна,
Калі ж раздзіраць яго– будзе пралітая
кроў.
Ды ўжо ўсё падзелена, толькі адобрыць
патрэбна.
Адобрыць падзел аніхто не прымусіць цябе.
Цябе аніхто тут не купіць за золата й
срэбра,
Купляюцца ж многія, потым жывуць у журбе,
Бо золата й срэбра ніколі не будзе
Айчынай,
Дзе сонца ўзыходзіць, нібыта смяецца
дзіця,
Дзе самыя вабныя ў свеце красуні-жанчыны,
З якімі жыць цяжка, але і не будзе жыцця
Без іх на зямлі, дзе туман малаком раніцою
Стаіць ля вакон і па лузе квяцістым плыве,
Дзе бусел, нібыта ад Бога пасол, над зямлёю
Яднае крыжы на касцёле старым і царкве.
“Забіце мяне, але не забівайце Айчыну!”.
Твой голас у шуме, бы ў твані сівой,
патануў.
З табой засталіся найлепшыя нашы мужчыны,
З якімі любую асіліш бяду і вайну,
Але вас нямнога і ўжо не з’іначыш нічога…
І вернешся ў родную Грушаўку ты не
маўчаць,
І будзеш, як свечка адна, прад Айчынай і
Богам
На вочах тутэйшых людзей дагараць…

20-21.07.2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ТАДЭВУША РЭЙТАНА - Віктар Шніп