Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ТАДЭВУША ЛАДЫ-ЗАБЛОЦКАГА

(27.08.1811-жнівень 1847)

…Не любяць вальнадумлівых цары.
І, каб ты мог памерці без пары,
Ты ў Грузіі паслужыш радавым.

Над скаламі туман, аблокі, дым
Плывуць самотна, як і дні плывуць
Праз абгарэлыя кусты, траву
Пад сонцам, як пад царскаю каронай.
І сніцца Беларусь табе зялёнай,
Дзе ля дарог імшэюць валуны,
Дзе нашы горы-нашы курганы,
Дзе косці беларускія ляжаць,
Нібы карэнне-век не скарчаваць-
У нашай пераплецены зямлі.
І, каб не зніклі мы, а тут жылі,
Не толькі трэба родны край любіць:
Калі ўладарыць вораг,– трэба біць
Чужынца, бо ён сам табе ніколі
Не дасць жыцця прыгожага і волі…

І пішаш вершы ты аб Беларусі,
Дзе пчолы велізарныя, як гусі
І як арлы, што на вяршынях гор
Гняздзяцца, ахінаючы прастор
Магутным крыллем, што не знаюць стомы.
Арлы маглі, каб папрасіў, дадому
Цябе занесці. Толькі не папросіш.
З нябёсаў зоркі капаюць, як росы
З высокіх траў, якія дома косіш,
Нібы хлапчук распрануты і босы,
Бо горача табе… І ты згараеш,
І без пары да Бога адлятаеш…

16.06.2010

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА ТАДЭВУША ЛАДЫ-ЗАБЛОЦКАГА - Віктар Шніп