Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш БАЛАДА РЫГОРА ШЫРМЫ

(20.01.1892-23.03.1978)

“Песня родная-душа народа”,-
Мовіш, і паўторыць словы Бог.
Песня светлая– калі свабода,
Песня чорная– калі астрог.
І спяваеш ты, аж неба плача
Зоркамі, што, падаючы ў ноч,
Як у душы, што святла не бачаць,
Асвятляюць, як глыбіні воч,
Нашы беларускія прасторы,
Дзе сляды ўтравелыя вайны,
Дзе ў блакітным лёне, як у моры,
Бачны астравамі валуны,
Да якіх ты хлапчуком прыходзіў,
Як да рэшткаў збуранай царквы,
Як да песень, што жылі ў народзе
І жывуць, пакуль народ жывы.
І стаіш ты перад песняй роднай
На каленях. Песня, быццам Бог,
Светлая, калі народ свабодны,
Чорная, калі жыццё-астрог.

2.10.2008

Верш БАЛАДА РЫГОРА ШЫРМЫ - Віктар Шніп