Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА МІХАЛА КЛЕАФАСА АГІНСКАГА

(7.10.1765-15.10.1833)

Радзіма вечная, як неба гэта,
З якога, нібы дождж, сыходзіць Бог
І ў музыцы жыве, нібыта лета
Жыве ў траве і камянях дарог,
Якімі ты Радзіму пакідаеш,
Бо княства не магчыма аднавіць,
Як кроў пралітую не пазбіраеш,
Ды княству жыць у нашае крыві,
Як музыцы ў траве, вадзе, лістоце,
У ветры, што змятае пыл з крыжоў.
Жыць княству, як святлу ў нябёсным лёдзе,
Малітвам у крылатасці буслоў,
Якія над тваёй дарогай кружаць,
Нібы анёлы, для якіх наш край
Плыве азёрна-залатою ружай,
Якой ты кажаш светлае: “Бывай…”
Праз Лету, праз душу, якая плача
Па тым, што ўжо не вернуцца сюды
Ні княства, ні князі з крывёй гарачай,
Ні закаханы ў беларусак ты…

31.08.2005

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА МІХАЛА КЛЕАФАСА АГІНСКАГА - Віктар Шніп