Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА МІКОЛЫ ЕРМАЛОВІЧА

(29.04.1921-5.03.2000)

Ён праз туман, нібыта праз стагоддзі,
І праз стагоддзі, нібы праз туман,
Ідзе няспешна, як па тонкім лёдзе,
Па нашым свеце, і гучыць сурма
Над ім у небе, і прастор святлее,
Як бездань, у якой наш Боскі дзень
Народзіцца і душы абагрэе
Усім, хто сёння праз зіму ідзе
І ў вечнасці зямной не прападзе,
Бо Ён ідзе праз княствы і праз войны,
Праз дым стагоддзяў і стагоддзяў пыл.

Ён, нібы неба над зямлёю, вольны,
І Ён самотны, як трава магіл,
Дзе нашае змаганне спачывае,
Ды спачывае толькі да пары,
Пакуль хто-небудзь зноў не загукае:
“У рукі, хлопцы, стрэльбачкі бяры!..”
І дойдзе Ён, бо ведае дарогу
Да Беларусі, дзе няма зімы,
Дзе белы снег нібы рамонкаў многа
Яму пад ногі накідалі мы…

22.03.2006

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА МІКОЛЫ ЕРМАЛОВІЧА - Віктар Шніп