Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА БРАНІСЛАВА ТАРАШКЕВІЧА



(8.01.1892–29.11.1938)

Слова да слова, як цэгла да цэглы–
Так беларускі будуецца Дом.
Колькі ў падмурак яго з нас палегла!
Колькі шчэ вечным атуліцца сном!
Заўтра й цябе расстраляюць і восень
Будзе з крывёю тваёю чарнець.
Згубіцца ў хмарах апошняя просінь,
Горка звуглее асенняя медзь.
Слова ж чужое нам родным не стане,
Як і не стане зямля нам чужой,
Дзе нарадзіліся мы і світанне
Душы напоўніла нашы слязой,
Быццам малітвай адвечнаю– Храмы,
Храмы, што будуць на нашай зямлі
Роднымі нам, не чужымі таксама
Тым, што да нас з дабрынёю прыйшлі…

Заўтра ты прыйдзеш, як заўтра, дадому
І не пазнаеш свой Дом і свой Храм.
Што ўсё не так– ты не скажаш нікому.
Што ўсё не так– нават Бог знае Сам.
Слова да слова, і сэрца да сэрца,–
І ажывае зноў мова дзядоў,
І беларусам тутэйшы завецца,
І Беларусь– як пралітая кроў
За Беларусь…

7–10.10.2007

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш БАЛАДА БРАНІСЛАВА ТАРАШКЕВІЧА - Віктар Шніп