Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Як грыбы

Канцэнтрацыя дурняў крытычная:
Ёсць – прасцяк, без цара ў галаве,
Ёсць, што з розумам ходзіць пазычаным,
А найбольш – хто на дурня жыве.
Так прыладзіцца, так прыкінецца:
З богам – бог, а з героем – герой,
Цыркулярыць душа-чарнільніца,
I з трыбуны – за праўду гарой!
Так захопіцца часам прамоваю –
Аж паветра рукамі грабе,
Аж сапе, быццам дух напампоўвае –
Перакрыкнуць самога сябе!..
Нос кіруе па плыні, як човен,
Сець закідвае – што пагусцей,
Знае толк у праграме Харчовай:
Там выконвае, дзе тлусцей.
Быццам бурбалкі – лозунгі клічныя,
Аж сіпіць перагрэты гарляк, –
Колькі іх, што на дурняў разлічваюць
I смяюцца паціху ў кулак…
Ні касцы, ні жняцы, ні аратыя, –
Як грыбы – партфельная раць!..
Поўны з коптурам кош бюракратыі…
Што рабіць толькі з гэтаю браціяй:
Ці саліць іх, ці марынаваць?..

Верш Як грыбы