Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На асфальце



Што тут сеюць і жнуць – невядома,
Садзяць што і прарэджваюць тут?..
У палацах – палі аграпрома,
На асфальце – лясны інстытут…
Тут на сцежках таемных, нязнаных
Цудаў шмат прарастае ў цішы,
Дысертацыяй зацугляны
Кот вучоны вязе барышы.
Маладая котка на возе
Паганяе ласкава хвастом…
Тут філосаф – спіной да Спінозы –
Са Спінозы “здзірае” ў свой том…
Пры бацькоўскай кішэні і тэме,
З барадою як памяло,
Тут наследны ідзе акадэмік –
Малады і “ученый зело”.
Тут кусціцца інструкцый пшаніца,
Папяровых бліноў – повен рот.
Камяніцы пахнуць ігліцай
Тут аднойчы – на Новы год.
З тэмы тут, нібы з дрэва ці звера, –
I таксатар, і таксідэрміст –
Лупяць скуру зацята, аберуч,
Як з прыезджых сталічны таксіст.
На дэбатах тут спеюць зарплаты
З-за трыбун – салаўіны канцэрт,
На халодную закусь – цытаты,
Дысертацыя – на дэсерт.
Тут ляснік, на доследы падкі,
У Архімедаў закон зруйнаваў:
Цела грэк пагружаў у вадкасць,
Ён жа – вадкасць у цела ўліваў.
I была выштурхоўвання сіла
Роўнай масе вадкасці той, –
“Адкрыццё” лесніка падкасіла,
I цяпер ён у ссылцы лясной…
Ну а іншыя – правяць паромы,
Як накрэсліў арцельны статут:
У палацах – палі аграпрома,
На асфальце – лясны інстытут…



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш На асфальце - Васіль Зуёнак