Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Лета трывожных дажджоў

Ліпнёвую ноч бліскавіц паясы
Святлом абпраменьваюць рэдкім.
Ігліцай нейтроннай іскрацца лясы,
Чарнобылем пахнуць кветкі.

Сухое чаканне трывожных дажджоў
Стаіць на покуці ў лета.
Распяты на ценях касмічных крыжоў,
Бяздомна лячу над планетай.

“Што я нарабіў, – праклінаю сябе, –
Якія бяздонныя сілы
Я выпусціў, покуль бяздумна гарбеў
Над тайнаю, як над магілай…

Вазьміце, вазьміце ўсю тайну маю
За той васілёчак у жыце…
Я сам сябе – сам сябе! – не пазнаю:
Я д’ябал ці бог – адкажыце…”

Ды глуха глытаючы вечнасці шум,
Нямко з электронным блокам,
Як смерць, адзінокі, глядзіць у душу
Гадзіннік трынаццатым вокам…

Верш Лета трывожных дажджоў - Васіль Зуёнак