Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Цыганка з мікрафонам у руцэ

Цыганка з мікрафонам у руцэ,
Як рыбка ў прахімічанай рацэ.
Як рыбка залатая
У нераце прагрэсу.
Падолік узлятае
З нейлонным інтарэсам.
I рытмы выбівае не абцас,
А кантрабас, узяты на папас:
З іржаннем электронным,
Абменены ці ўкрадзены,
На кірмашы каронным
Пакуль што не прададзены, –
Адно ці зможа гэты блудны конь
З душы цыганскай выкрасаць агонь?
Шнур мікрафонны туга
Спятляў і дух, і цела,
I не ўзмахнеш, як пугай,
Каб свіснула з прыстрэлам.
Павысушыў юпітэр і размёў
I золкую расу, і дым кастроў.
I ўжо ў гітару точыцца
Чужы прыпеў з падгаўкам.
Як спутаныя, топчуцца
I песня, і цыганка.
Ах, рыбцы б той ды ў чыстую раку!..
А мікрафон трымае за руку.

Верш Цыганка з мікрафонам у руцэ