Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш І гавораць месяцы



Студзень студзіць вокны, дзверы
подыхам мяцеліцы.
Завывае люты зверам –
аж дрыжыць аселіца.

Сакавік – з гаючым сокам,
з сонечнаю ласкай.
Красавік… І на узлобках
зацвітаюць краскі.

Луг вітае першатравы.
Травень… Час маёвы.
Чэрвень пчол выводзіць спраўна
на папас мядовы.

Хмеліць пахам размаітым
ліпень – аж нясцерпна.
Жнівень жне шчымліва жыта
месяцовым серпам.

Паліць верасень кастры
сінню верасовай.
З павуціння тчэ кастрычнік
дываны шаўковыя.

Лістапад… І ліст мядзяны –
водсвет зараніцы.
Снежань гоіць беллю раны
змоглае зямліцы.

Чую назвы месяцаў
роднае старонкі…
Колькі ў назвах месціцца –
гаваркіх і звонкіх!



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш І гавораць месяцы - Васіль Рагаўцоў