Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Люба мне, калі ў прыціхлым садзе

Люба мне, калі ў прыціхлым садзе
ў кронах дрэў не згас яшчэ агонь.
Ліст пажоўклы прыляціць і сядзе
матыльком на золкую далонь.

Ветрык з ім свае спыняе гульні…
Ці не для таго, каб нагадаць:
усяго жывога лёс агульны –
пакрысе мярцвець і ападаць?

Непаўторны для зямной істоты,
час цвіцення – лічаныя дні,
і пад гоман маладой лістоты
леташняй не ўспомняць карані.

І, хоць кажуць, што цвітуць увесну
нават карчаваных дрэў камлі, –
я ў сваіх нашчадках не ўваскрэсну:
кожны з нас – апошні на Зямлі.

І, хоць вецер гне сухое вецце,
Іі хоць іней срэбрам лёг на скронь, –
Нельга мне, шкада змахнуць, як смецце,
ліст, які сагрэў маю далонь.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Люба мне, калі ў прыціхлым садзе - Васіль Гадулька