Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Аддаю шчыры голас салдацкі

Я дарос, пасталеў на вайне.
І хоць свеціцца срэбра на скронях,
Дзядзькам клічаш дарма ты мяне, –
Першы раз галасую сягоння…

Я ў баях пасівеў маладым:
Можа, попел мне скроні асыпаў,
Калі я штурмаваў гарады,
А мо пенай апырскала Прыпяць.

Нахадзіўся і я за вайну,
І вярнуўся з паходу ўчора,
І слязу першы раз праглынуў,
Неба роднага ўбачыўшы зоры…

Дай, таварыш, і мне бюлетэнь:
Калі хоча Радзіма спытацца,
Я ў сягонняшні радасны дзень
Адкажу дарагой па-салдацку.

Прысягаю на попел руін
І на нашу вялікую справу, –
Не знайшоў ласкавей я краін,
Ані больш чалавечага права.

Бачыў я іншых армій салдат, –
Поплеч білі мы Гітлера-звера, –
Кожны марыў вярнуцца назад,
А не кожны ў шчасце з іх верыў.

Толькі наша Радзіма знайшла
Сцежку кожнаму, кожнаму – працу.
За разумны, савецкі наш лад
Аддаю шчыры голас салдацкі.

Перад намі – шырокі прастор,
І ніякая хмара не засціць
Ані ззяння крамлёўскага зор,
Ані нашага дужага шчасця.

На руінах, дзе горкі палын,
Узнімаюцца новыя хаты,
Набрынялі ўраджаем палі
І ў пятлі – учарашнія каты.

Я за Партыю сёння даю
Голас першы, ўзмужнелы ў вятрысках,
Свой і тых, што палеглі ў баю
І не лічацца ў выбарчым спіску.

Верш Аддаю шчыры голас салдацкі - Валянцін Таўлай