Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дазвольце з Вамі слухаць цішыню



Дазвольце з Вамі слухаць цішыню,
дазвольце разам быць у сьветлым суме, –
бо за абодвух Ваша думка ў думе…
Ў будзённасьці, у мітусьні і ў тлуме
я мроям цёплых зьнічак не зманю –
дазвольце з Вамі слухаць цішыню.

Дазвольце з Вамі дыхаць вышынёй,
дазвольце ёю сьніць і трызьніць ёю,
крыштальным сподзевам і казачнай парою,
вішнёвай узыходнай вышынёю.
Слоў трапяткіх няўпэўненасьць са мной, –
дазвольце з Вамі дыхаць вышынёй.

Дазвольце з Вамі кратаць глыбіню,
кранаць яе – урастаць, глыбець у самасьць.
Усьмешка без пакут – пустая радасьць!..
Журбой шчасьлівай Вас я атулю,
дазвольце з Вамі кратаць глыбіню.

Дазвольце з Вамі вынайсьці спакой.
Сярод аскепкаў, трэсак, сьмецьця сказаў
сабе прызнацца: немінуча разам
мы незалежныя, хоць Ваша я, Вы – мой.
Дазвольце з Вамі вынайсьці спакой.

Дазвольце з Вамі слухаць цішыню…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Дазвольце з Вамі слухаць цішыню - Валерыя Кустава