Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Адчайнае

АДЧАЙНАЕ

Я – нявольнік самотны з забытага краю.
Я – пакутнік, закуты людзьмі ў кайданы, –
Ані волі святой, ані ласкі не маю,
Ды асуджаны без аніякай віны.

Грудзі боль невыносны пячэ-раздзірае,
Сэрца б’ецца, нібыта ў шаленстве сляпым.
І не знаю, за што мяне Бог так карае,
Шле мне выпрабаванні адно за адным.

З дня у дзень, з году ў год насланнё чорнай хмарай,
Як каршун той, кружляе-вісіць нада мной.
Не адважуся – бо адвучыў сябе – марыць,
Не здабуду ў душы сваёй лад і спакой.

Рвуся ў спуднай трывозе, ў зняможаным гоне –
Ні адхлання няма мне і ні забыцця…
Неадкупны прыгонны я, вечны прыгонны
Не ў чужога – свайго, што ад Бога – жыцця.

Ці то дождж секане, нібы шротам, па твары,
Ці то спёка абпаліць знарок усяго, –
Я цярплю, я трымаю, трымаю удары,
Не растраціўшы духу зямнога свайго.

І калі давядзецца ўсё ж легчы на сечы
Пад напорам звыродных атар дзікуноў,
Не сцярплю, не зміруся і там, і не ўкленчу –
Папрашуся на бітву святую наноў.

Верш Адчайнае - Валеры Максімовіч