Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Нябесныя хованкі

(З народнага)

У нябёсах летні гром
Голасна гукае –
Там Ярыла з Перуном
У хованкі гуляе.

Каб шукаць цяжэй было,
Каб хапала працы,
Пагасілі ўраз святло
Па сваім палацы.

Вось Ярыла, як мярцвяк,
Затаіўся ціха,
Не варушыцца, бядак,
Не чуваць, каб дыхаў.

Перуна таго трасе
Прага перамогі,
Не шукае пакрысе,
Не стрымае ногі.

Бачыць вочы каб маглі,
Дастае запалкі –
Кажуць людзі на зямлі:
“Бліскаюць маланкі”.

“Вось схаваўся, вось хітрун!
Не знайду, магчыма!”
І раз’юшаны Пярун
Ляпае дзвярыма.

Ляп ды ляп, ажно ідзе
Трэск па ўсёй акрузе,
Ўсе пакоі па чарзе.
“Гром”, – гавораць людзі.

Сеў, стаміўшыся як след,
Гэткі небарака,
Злуючы на цэлы свет,
Роспачна заплакаў.

Тыя слёзы на лугах
Наталілі кветкі,
На жыцця вярнулі шлях
Сумныя палеткі.

А Ярыла з-за хмары΄
Заўсміхаўся люба,
Каб і меншы і стары
Не віталісь груба.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Нябесныя хованкі - Валера Мацулевіч