Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Каханай Любушцы



Здаецца мне – ты заблудзілася.
А дзе шукаць цябе – не знаю.
У ветра папрашу я літасці,
Каб дапамог, сам пагукаю.

Спытаю лес, спытаю поле я:
“Чаму не я?! Чаму ты першай?!”
————————————
…Як цяжка мне… Няўжо не здолею
Пець аб жывой, а не памершай.
20.02.13 г.

***
Прыдзі, здымі адзіноты аброць!
Ніяк я не знайду сяброўства з горам.
Цябе я ў снах заву і жду, прыходзь!
Хоць на хвілінку, сядзем, пагаворым.
Я не паспеў табе так шмат сказаць.
А часам быў нібы асот калючы.
Прабач мяне, прабач!
Прыдзі, прысядзь,
Сагрэй усмешкай ты мяне гаючай!
13.04.2013
***
Ці варажбіткі ў тым павінны, –
Не прадказалі мне той час:
Што стану я над дамавінай,
Што больш не будзе двое нас.

Не абяцала і хвароба
Што вось-вось скончыцца жыццё.
А ты – сяброў сваіх – асоба –
Адыдзеш ціха ў небыццё.

Не бойся, у сяброўскіх сэрцах
Усё не так – наадварот.
За чаркай памяці “пальецца”
І успамін, і анекдот.

Твае сябры мне асалоду
Прыносяць у маю душу…
…Табой падораныя годы
Нібы ў калысцы калышу.
3.01.2013

***
Вялікай, непаўторнаю жанчынай
Да скону будзеш у маім жыцці…
Не раз было нам цяжка беспрычынна
“Да аднаго назоўніка” прыйсці…
Хвіліна, дзьве – і мы з усмешкай, з жартам
Рабілі ў разважаннях верны

крок…
Мы быццам за адной сядзелі партай.
І спісваў з шытка я твайго урок.
18.03.13
***
Не было на свеце даражэй
Мне цябе і роднай Беларусі:
Як мага, каб быць да вас бліжэй,
Маладым і сталым, я імкнуўся.

Рэўнасць я тваю не заўважаў.
Заставаўся у цябе адзіным.
І адначасова шанаваў
І цябе і сцяг сваёй Радзімы.

1990 г.
Плата за грахі
Любушцы
Гадкі былі з тваімі побач.
Аднолькавы сірочы лёс.
За што ж ты, Божа, дзень жалобы
Мне першаму даслаў з нябёс?!.

…А Бог не мог каб памыліцца –
Пусціць мяне з грахамі ў Рай.
Казаў: “Як хочаш “адкупіцца”,
Тады жыві, не памірай!”

28.04.13
***
Цяжар свінцом душыў мне сэрца.
Ў бяссіллі быў гатоў памерці.
Стрымала ты мяне ад той бяды:
Быў за бяссілле – успамін – дужэй,
А згубы груз лягчэў, а не цяжэў,
Як я лічыў мае з табой гады.

10.01.13
***
Не магу спытаць у рыфмы: “Дзе ты?!”
Дзе твая пяшчотная рука?!
Бо не дапісаў таго куплета,
У якім казаў начы: “Пака!”.

…Нешта не да складу рыфме слова,
У якім я верш свой акрылю…
…Зноў бяру “закусаны” аловак
Каб сказаць у рыфму:
Як люблю!!!

14.05.13
***
Зноў прыйшла нядзелька
З белаю пасцелькай.
Асалоду вуснаў перад сном крану…
А як прыдзе ранак к нам
На наш сняданак –
Будзе на патэльні
горача бліну.
Хутка як паўвека
мы з табою крочым
Па жыцці складаным, з
сонцам і ўначы.
…Ты – мой ясны ранак
калі вочы-ў-вочы,
Ты – пяшчоты рукі на
маім плячы.

2008 год

***
Не спяшайся праганяць
Ад алоўка з цыгарэтай.
Я не ўсё паспеў сказаць
Незавершаным куплетам.

Я цябе не “абдымлю”
І здароўю не пашкоджу.
…Слоў, як я цябе люблю,
Нешта доўга не знаходжу!

2005 год.

***
Пусці мяне ў сваю душу
І не давай памерці
Маёй, – ў якой цябе нашу
І пранясу да смерці.

З табой мы нібы спарышы,
І па гадах і цяжкай долі…
…Калі блізняты – дзве душы,
Яны не згубяцца ніколі.

1975
***
“Барометр” жыцця…
другога параўнання
як не шукаў, я адшукаць не мог.
Матуліна любоў,
сустрэчы, раставанні
І роўня для цябе анёлак альбо Бог!

Ты сэрцам чуеш боль сыноў, суседзяў;
Спяшаешся да іх ты
Спёкай, у імжу.
…За шмат гадоў я так і
не разгледзеў
“Бароматра” шкалу і дабрыні мяжу.

06.03.2003
Рэўнасць
Плюнь ты рэўнасці у вочы!
Недакурак не тушы!
Яшчэ з вечара званочак
Я пачуў сваёй душы.
Зазірні ты зорцы ў вочы
І адкрыецца сакрэт:
Што пакуль не здрадзіў ночы
ні адзін яшчэ паэт.

1978 год

Хто ты?!

Не назваць цябе не мог адзінай –
Незямным была ты чалавекам.
Бо пазнаў цябе не за гадзіну,
А жыццём, амаль што у паўвека.
Не магу назваць цябе “паловай” –
Светлы роздум быў заўсёды важкім:
Як нажом адрэзанае слова
Кропкаю было у рашэнні цяжкім.
Я хачу назваць цябе каханкай,
Ад якой ніяк не адарвацца
Ні ўначы, ані туманным ранкам
З думкай, што яшчэ нам па шаснадцаць.
10.03.13

Адзіны лёс

Чаромхі і язміна водар,
Нібы пчалу, мяне к табе прывёў.
Я не спытаў, адкуль ты родам;
Ні слова пра радню ці пра бацькоў.
…Жыццё мяняла каляіну.
Мяняліся гады і час.
Я сэрцам чуў, што не пакіну
Цябе – дзяўчыну-сіраціну:
Аднолькавы быў лёс у нас.

21.05.13

***
Зноў чэрвень з бэзам развітаўся
І гнёзды поўняць галасы.
У думках час, калі кранаўся
Тваёй шчакі, тваёй касы.

Таполі пух ганю ад скроняў
Хачу, як далей зберагчы
Пару – далоні-у-далоні
І мроі ліпеньскай начы.

1998 г.
Рэўнасць да ночы

Маўчыш!.. А ты мне адгукніся,
Нібыта за грыбамі ў лесе;
Майго пляча чуць дакраніся –
Адразу верш з душы ўваскрэсне.
Маўчыш!.. Без слоў я
рэўнасць чую.
Прабач за тайнае
спатканне!
Я ў цішыні з ёй паначую,
Табе ж – мой верш, маё каханне!

15.08.2009 г.

***
Не ўсім вяселле залатое
Сустрэць здараецца ўдваіх.
Мне лёс наканаваў такое –
Я апынуўся сярод іх.
Няма той меры – змераць згубу,
А раны боль – не заглушыць…
…Да скону буду дні ад шлюбу
І да апошніх дзён лічыць.
5.04.13



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Каханай Любушцы - Вацлаў Хадасевіч