Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Размова з адсутнымі

Зноў спакою ўсю ноч
Няма,
Зноў надзея на сон
Малая.
Зноў, нібы чараўнік
Ці маг,
Я з адсутнымі
Размаўляю.
Размаўляю,
І ўласны
Крок
Прападае між слоў
Нячутных.
Размаўляю,
Нібы на ўрок
Зноў сабраў я
Усіх адсутных.
Размаўляю
Ў начной цішы
З сябрукамі сваімі
Былымі,
Нібы тут – перад імі –
Рашыў
Зноўку стаць
Хлапчуком малым я.
Размаўляю,
Нібыта пішу
Успамін пра той час
Суровы.
Размаўляю,
Нібыта грашу,
Ім сказаўшы
Такія словы.
Размаўляю з матуляй,
Што нас
Чацвярых гадавала
У хаце
І якую у грозны час
Ад навалы
Не змог ўратаваць я.
І з настаўніцай тою,
З якой
Мы буквар перачытвалі
Разам
І якая маёю рукой
Над тым першым
Вадзіла сказам.
Размаўляю
З дзяўчынаю той,
Што ля школы
Мяне цалавала,
Што мой першы
Забрала спакой
І апошні мой сон
Забрала.
Размаўляю
З суседам, што – як гульне –
Мне паказваў
Старую стрэльбу,
І з фашыстам,
Што кулю мне
Нёс здалёку –
З-пад самай Эльбы.
Ноччу сэрца туга грызе,
Ноччу грудзі
Мне боль сціскае.
Я адсутных усіх
Па чарзе
Для размовы к сабе
Выклікаю.
Суцяшаюць яны мяне.
І знікае след дум
Пакутных,
І знікае
Мой цень на сцяне,
Нібы сам я –
Таксама адсутны.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Размова з адсутнымі - Уладзіслаў Нядзведскі