Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вераб’іны далягляд

Вярнуўся з выраю вясною Шпак
I, сеўшы на вільчак,
Спяваў пра падарожжа.
Аб тым, дзе быў, як там прыгожа,
Як цёпла, калі ў нас зіма даецца ў знак,
Пра моры, пра вяршыні, пра уцёсы.
I нават Бусел са старой бярозы –
“Так, так!” –
Падтакваў спеваку,
Захоплены той песняй меладычнай, –
Ён сам не мала бачыў на вяку.
А Верабей сядзеў на свірне, убаку,
I паглядаў на спевака скептычна.
Нарэшце ён суседа перабіў:
“У выраі, ты кажаш, быў?
Брахня, суседзе. Моры!
Горы! –
На свеце ж гэтага няма нідзе!
Калі ўжо гутарка такая ў нас ідзе.
Дык я табе ўсю праўду растлумачу:
Я лётаю на загуменне сам, –
Такая далячынь! – але і там
Ні гор, ні мора я не бачу.
А ты пра вырай тут спяваеш нам…
Ну, дзе, скажы, дзе вырай гэты?”

Малы палёт – малыя веды.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вераб’іны далягляд - Уладзімір Корбан