Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Шэрыя і Белыя

Разгледзеўшы, што шэры Воўк – прахвост,
Яго з правіцеляў прагналі,
На гэты ж пост
Ваўчугу белага абралі.
Але прайшлі гады, а змен не бачна нешта.
Ваўкі, як і раней, ірвуць Ласёў,
Ліса знішчае Рабчыкаў да рэшты,
У рэчцы Выдра ловіць Карасёў,
Як і раней, так і цяпер
Пануе крыважэрны звер.
Палёгкі ні на грам. Узняўся роў наўкола,
Глядзіш, у бойку кінецца жывёла.
А справа гэткая для воўчай зграі дрэнь.
I вось, каб абдурыць яшчэ раз масы,
Прыхільнікі крыві і мяса
Зноў выбары ў адзін звычайны дзень
У лесе арганізавалі.
I так выдатна справу правялі,
Што… зноў Ваўчугу шэрага абралі,
Бо ўжытыя ўсе захады былі,
Ад абяцанкаў да нахрапу.
Казалі, нават Леў прыклаў да справы лапу,
I справы па-ранейшаму пайшлі.
“Цікава, а каго ў наступны раз
Ваўчугі абяруць для нас?” –
Спытаў Алень міралюбівы.
“Вядома, белага Ваўка. Але не дзіва, –
Заўважыў Конь,- калі праз хуткі час.
Зусім другія пойдуць справы.
Не доўга ўжо чакаць аблавы…”

Дзе так было? – я адраса не дам.
Скажу адно, што гэту тэму
Дала мне двухпартыйная сістэма
А адрас кожны адшукае сам.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш Шэрыя і Белыя - Уладзімір Корбан