Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Балада плахі

Кожны дзень гінуць мужнасць і святасць.
Кожны дзень, выпускаючы дых,
Паміраюць хлапчынкі распятыя,
I збавіцель не помніць пра іх.
Ў зыркіх ранах, крывавыя, голыя,
Што ні дзень павісаюць яны
На крыжах з бамбука, магноліі
I суровай паўночнай сасны.
He паспеўшы зрабіцца мужчынамі,
Сустракаюць са зброяй бяду.
Галаву не на грудзі дзяўчынам,
А на слізкую плаху кладуць.
Плацяць катаргай і эшафотамі
За братоў сваіх душу жывую,
Хочуць дыхаць – задушаць гаротаю,
Хочуць думаць – ссякуць галаву.
У чырвонай ад сонца Касціліі,
Ў парнай сельве і ў зорных ільдах
Кожны дзень яны бураць Бастылію:
Чалавечы свой, просты жах.
Але йдуць і за век свой ратуюць,
За дзіцячы след на траве,
За высокую годнасць распятую,
За найменне тваё, Чалавек.
Дзе плаціць яшчэ столькі даводзіцца
За свабоды ўласнай лядо?
О зямля, святая калодніца,
Гора, мужнасці, смерці юдоль!
У былым іх – трушчобы няветлыя,
У сучасным – глухая турма,
І няма для іх раю светлага,
I суда іхнім катам – няма.
Толькі час вам уздасць поўнай мераю.
Але ўсё ж – пакуль прыйдзе той час, –
Калі ёсць на зямлі гэтай вера,
Калі варта жыць, – то для вас.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Балада плахі - Уладзімір Караткевіч