Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Уцёкі з пасткі

УЦЁКІ З ПАСТКІ

Чароўныя імгненьні цудоўнага пачатку!
Няздзейсьненыя думкі, узьнёсласьць перспектыў…
І вось ужо шпурнулі пад ногі мне пальчатку,
Каб дзесьці там не лётаў, каб сьпёкся ды астыў.

Працяг даволі сумны, ды я не напужаўся:
Падняў пальчатку тую, на стрэл не адказаў,
Знайшоў свой кут спакойны, паціху адляжаўся,
Ды й думаць пра узьнёсласьць, як кажуць “завязаў”.

А доўгімі начамі над дахам выў вятрыска,
Шпурлялі навальніцы маланкамі кудысь.
Нязьдзейсьненыя думкі луналі побач нізка,
Ды й раптам стартавалі ў нязьведаную высь!

Той рух мне быў ратункам, бо ён казаў аб сіле,
Бо ён даваў надзею, што я сябе знайду,
А ранкам зноў я крочыў на працу з Ківіылі,
Стараючысь быць моцным і мужным на хаду.

Рыпела ды стагнала часамі навакольле.
Яно не разумела, яно мяне кляло,
Яно трымаць хацела ў чужой жыцьцёвай школе,
Давала накірункі, кудысьці ўсё вяло…

І мне было ўжо брыдка. І мне было няёмка,
І быў я так далёка ад цеснага ярма,
Што прага новых думак, старых адносін ломка
З сумніўным асяродкам, зьдзяйсьнялася сама.

Хто лялькай не рабіўся, той ведае выдатна,
Што людзі для тэатру народжаны не ўсе,
І сыр, што ў мышалоўцы пакладзены бясплатна,
Прывабна вельмі пахне, ды сьмерць камусь нясе…

П’янячы водар волі! Без шор, без накірунку!
Папера і аловак… Я сам сабе – кароль!
Не трэба перад пешкай цягнуцца недзе ў струнку:
Не дзядзек, ды ні цётак – партыйны зьнік кантроль…

І я ўжо зноў лунаю. Я зноў расправіў крылы.
Я цешуся свабодай, бо нельга-ж без яе!
І гэтак будзе доўга, пакуль хапае сілы,
Пакуль анёл мой белы натхненьне мне дае.

Эстонія. Йыхві, жнівень 2007 г.

Верш Уцёкі з пасткі