Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У родным двары



У РОДНЫМ ДВАРЫ

Вялікі сусьвет і багаты,
Ў ім шмат неспазнанага ёсьць…
Быў сын я для роднае хаты,
Ды стаў, з цягам часу, як госьць…

На двор, на знаёмы, ступаю,
Ды ўсё-ж, не схаваць ад вачэй,
Што бульба ў разорах не тая –
Жукі ў ёй…лісткі ўсё танчэй…

Пусьцее пакрыху калодзеж,
Вады не хапае гуркам,
І скардзіцца маці: “Пасодзіш –
Дасі толькі працу рукам!

Сабраць жа не зможаш нічога!..
Прывёз бы ты, сынку, насос –
Была-б нам, старым, дапамога…
Ды й шлангаў няхай бы прывёз…”

Праз лёсаў дзіцячых завею,
Раськідана ў сьвеце сям’я…
Я маці між слоў разумею –
Не шлангі ёй трэба, а я.

Каб жыў побач з ёй, дык нічога,
Знайшоў бы занятак рукам:
Было-б і гурочкаў тых многа,
І даў бы я рады жукам…

І плот бы у двары не хіліўся,
І дах не высьвечваў іржой.
…Я дзесьці ў жыцьці памыліўся,
Бо столькі ўжо год за мяжой.

Не стомяцца людзі пытацца:
– Ты стаў нас зусім забываць!..
Магчыма, пара ўжо вяртацца,
Бо колькі-ж там можна трываць?..

Я бачу іх цёплыя вочы
І край, дзе прыжыўся, хвалю…
Яны-ж мяне слухаць не хочуць,
Забыў, кажуць, нашу зямлю…

І бацька згаджаецца з імі:
-Раней ён часьцей прыязджаў.
Нас радаваў дзецьмі сваімі,
І бульбу капаў і саджаў.

Цяпер жа мільгне, як прысьніцца,
Ды й зьнікне на год са двара…

/> Зусім ужо стаў…чужаніцай…
Падумаць аб лёсе-б пара!

Пара ўжо на штосьці рашыцца,
Ратуючы страчаны час…
Калі-б распачаў варушыцца,
Дык быў бы даўно ўжо ля нас.

Чужбіна-ж не кожнага лечыць
Ад прагі з яе адыйсьці..?
…Спрабую я бацьцы пярэчыць,
Ды слоў штось ніяк не знайсьці.

Бо вывучыў добра – расьліны
Ўсю сілу з карэньняў бяруць…
Ў слабеючых сувязях з сынам
Надзеі бацькоў…адамруць.

Ў слабеючых сувязях з сынам
Не будзе прыбытку двару…
Жыцьцё, з яго ходам няспынным,
Мо, ў снах толькі дзесь паўтару.

І сэрца сьціскае да болю,
І ліпне сьляза да шчакі…
І бульбу з’ядаюць паволі
Нястомныя гады – ж у к і…

Повіць, 1995 год.

З зборніка вершаў ” Трылабітавы бераг “
Эстонія, Ківіылі, 1999 год.



1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (No Ratings Yet)
Loading...

Верш У родным двары - Уладзімер Дзехцярук