Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Хачу жыць

Хачу жыць,
Захлынацца і верыць.
Піць каханьня нязведаны боль…
Дай руку мне,
Дай вусны, дай сэрца,
Дай мне воч тваіх чад-алкаголь.

Сёньня п’яны вячэрнія далі,
Сёньня п’яна вячэрняя боль…
Прамінайце, юнацкія хвалі
Прамінайце жыцьцёвую мель.

Прамінайце, жыцьцёвыя стыні.
Хай заранкамі дні зіхацяць…
…Прамінайце!..
А ў гэтых прамінах
Ёсьць адвечная існасьць жыцьця:

Маладосьць –
Гэта дзіўная казка,
Непаўторная ў нашым жыцьці…
…Ападаюць
Чароўныя краскі,
Ападаюць,
Каб больш не цьвісьці…

Дай руку мне,
Дай сэрца надломы,
На калені прысядзь, абнімі;
Прасьпявай пад вячэрнія бомы
Пра затлеўшыя ў сэрцы агні.

Ападуць залатыя лілеі.
І каханьне чароўным віном
Вечна чулае сэрца не грэе,
Вечна душы не паліць агнём.

Хай сягоньня ў туманнай дуброве
Захлынаюцца шчасьцем вятры.
Мабыць, заўтра
Не мне, а другому
Будзеш дзіўную ружу дарыць.

Мабыць, я,
Каб любоў дарагую
Ад цябе і сябе захаваць,
Не кахаючы, буду другую,
Як асеньні “піон”, цалаваць.

А сягоньня
Мне хочацца верыць…
Піць каханьня нязьведаны боль.
Дай руку мне,
Дай вусны, дай сэрца,
Дай мне воч тваіх чад-алкаголь.

Верш Хачу жыць - Тодар Кляшторны